Падгорная (Гавінавічы). Царква ў імя святога вялебнага Антонія Кіева-Пячорскага
2014.08 Фота: Чувак А.
Гістарычны агляд:
Царква ў імя святога вялебнага Антонія Кіева-Пячорскага, в. Падгорная (Гавінавічы) Баранавіцкі раён.
Пабудавана ў 1817 г. з бутавага каменю. З паўднёвага боку адасоблена пастаўлена званіца.

Помнік архітэктуры класіцызму. Прамавугольная ў плане пабудова пад 2-схільным дахам. Атынкаваныя сцены (таўшчыня 1 м) расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Уваход арганізаваны праз невысокі прытвор. У інтэр’еры алтарная частка вылучана салеяй і драўляным іканастасам. Абразы “Тайная вячэра” (пачатак 19 ст.), “Спас ў цямніцы” (1890), фератрон “Маці божая з дзіцем” (18 ст., народны жывапіс і разьба).

У выданні “Гродненский православно-церковный календарь. Православие в Брестско-Гродненской земле в конце XIX века” згадваецца мураваная царква з мураванай званіцай, абнесеная драўлянай агароджай, узведзеная ў в. Гавінавічы Слонімскага паветаў 1827 годзе памешчыкам Антоніем Свяжынскім. Пры царкве было заснавана царкоўна-прыходскае папячыцельства, працавалі дзве царкоўныя школы ў Колбавічах і Яжонах з 35 навучэнцамі хлопчыкамі і 10 навучэнцамі дзяўчынкамі, народнае вучылішча ў Гавінавічах.

У склад прыхода ўваходзілі вёскі Гавінавічы, Басіны, Добры Бор, Колбавічы, Яжоны. Да царквы належала 987 прыхаджан мужчын і 1131 жанчын, а разам 2120 чалавек.

Памятныя кніжкі Гродзенскай губерніі захавалі нам імёны некаторых настаяцеляў Царквы ў імя прападобнага Антонія вёскі Падгорная (Гавінавічы): Стэфан Сямёнавіч Паеўскі (1882-1892), Мікалай Кульчыцкі (1896), Мікалай Нядзельскі (1897), Аляксандр Бяляеў (1902-1908), Мікалай Рудакоўскі (1909-1912), Грох-Грахальскі (1915) (даты пададзены па гадах выхаду Памятных кніжак Гродзенскай губерніі).

Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён. Мінск, Белта, 2000, стар. 642.
Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007. – стар. 309.
Гродненский православно-церковный календарь. Православие в Брестско-Гродненской земле в конце XIX века, издание второе, Воронеж 1899г.
Памятныя кніжкі Гродзенскай губерніі на 1882, 1890, 1892, 1896, 1897, 1902, 1904, 1906, 1908, 1909, 1912, 1915 гады.