Райца. Свята-Варварынская царква
2014.08 Фота: Чувак А.
Гістарычны агляд:

Храм Святой вялікапакутніцы Варвары ў вёсцы Райца пабудаваны ў выглядзе карабля ў 1817 годзе з бутавага каменю і цэглы памешчыкам Раецкім як касцёл-пахавальня. Архітэктура будынка выканана ў гатычным стылі і нагадвае сярэднявечны ўмацаваны замак. У 1863 годзе касцёл быў асвячоны як праваслаўны храм, у гонар Праабражэння Гасподняга.


У гады «хрушчоўскіх ганенняў» храм быў узарваны. У 2003 годзе адноўлены ў першапачатковым выглядзе і асвячоны ў гонар святой вялікапакутніцы Варвары.


Першае апісанне драўлянай Царквы ў гонар Раства Хрыстова ў вёсцы Райца сустракаецца ў дакументах Візітаў уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680–1682 гг., што захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Царква была пабудавана па фундацыі паноў Раецкіх. Святаром прыходу быў Мікалай Раецкі, яго памочнік Андрэй Тамашэўскі. Прыход аб’ядноўваў 405 вернікаў.


Згодна з апісаннем 1864 года ў вёсцы Райца размяшчалася Спаса-Праабражэнская чацьвёртага класа мураваная царква, накрытая меднымі лістамі. Царква была пабудавана ў 1817 годзе памешчыкам Францам Раецкім.


У апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі 1879 года згадваецца пра існаванне царквы ў вёсцы Райца з 1652 года. Існуючая мураваная Спаса-Праабражэнская царква была пабудавана ў 1817 годзе ўладальнікам вёскі Францам Раецкім як каталіцкі касцёл. Храм быў пабудаваны з камення і цэглы. Царква была вырашана падоўжаным чатырохкутнікам у гатычным стылі з вежаю-звонніцай у франтоннай частцы. На даху вежы, замест крыжа, размяшчалася вялікая гіпсавая скульптура Божай Маці. Дах зроблены з лістовай медзі, вонкавыя сцены неатынкаваныя, вокны размешчаны ў адзін рад, мелася двое дзвярэй. Унутры царква мела падлогу з каменных пліт, столь вырашана ў выглядзе скляпенняў з цэглы. Новы драўляны іканастас, з пілястрамі, быў пафарбаваны ў ружовы колер, з пазалочанымі карнізамі, рамамі і разьбою, складаўся з 8 абразоў мясцовага пісьма, размешчаных ў тры рады. У царкве захоўваўся мясцова-шанаваны абраз Божай Маці, пакрыты масіўнаю срэбнаю рызаю. У скляпеннях-пахавальні пад храмам знаходзілася магілы Франца Раеўскага і яго нашчадкаў. На вежы-звоніцы быў усталяваны вежавы гадзіннік з боем. Званоў было чатыры вагою ў 40, 15, 6, і 1,5 пуда. Царква размяшчалася на гары абнесенай каменнай агароджай. Ў вёсцы Машэвічы знаходзілася адна прыпісная царква.


Настаяцелем храма з 1876 года быў Фёдар Маскалевіч. Да яго святарамі служылі Гарбацэвіч і Рудакоўскі. Пры царкве было заснавана царкоўна-прыходскае папячыцельства і штатнае народнае вучылішча.


У склад прыходу ўваходзілі вёскі Райца, Новая Райца, Забердава, Лукошын, Скрышава, Хвалава, Волда, Малюшыцы, Мокрава, Шчонава, Валокі, Рубілкі, Палужная, Русацын, Ровіны, Рамейкі, Цімошкавічы, Баранавічы, Мошавічы.


Памятныя кніжкі Мінскай губерніі захавалі нам імёны яшчэ некаторых настаяцеляў Спаса-Праабражэнскай царквы вёскі Райца: Васіль Паўлюкевіч (1889-1891), Мікалай Прорвіч (1893-1898), Антоній Быкоўскі (1900-1902), Павел Мацкевіч (1905-1908), Аляксандар Валласовіч (1910-1915) (даты пададзены па гадахвыхаду Памятных кніжак Мінскай губерніі).


 «Візіты уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680 – 1682 гг.» / Укладальнік Д.В. Лісейчыкаў. – Мінск: І.П. Логвінаў, 2009. – 270 с., стар. 120-121.


Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии Архимандритом Николаем, Санкт-Петербург, 1864, Новогрудский уезд, стар. 202-213.


Описание церквей и приходов Минской епархии, Минск, 1879.


Памятныя кніжкі Мінскай губерніі на 1889, 1891, 1893, 1895, 1898, 1900, 1902, 1905, 1907, 1908, 1910, 1912, 1913, 1915 гады.


(Інфармацыю падрыхтаваў Чувак А.А.)