Порплішча. Спаса-Праабражэнская царква
2005.07
Гістарычны агляд:
Адзін з найстаражытнейшых храмаў Полаччыны, захаваўшыхся да нашых дзён.
Спачатку з'яўляўся ўніяцкім, у 19 стагоддзі быў перададзены праваслаўным і часткова перабудаваны.
У савецкія часы не зачыняўся.

ПОРПЛІШЧА. ЦАРКВА ПРААБРАЖЭННЯ ГАСПОДНЯГА

Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1627 г. у в. Порплішча (Докшыцкі р-н), перабудаваная ў 1794 г. з элементамі класіцызму. Крыжова-купальны храм з планам у выглядзе лацінскага крыжа. Зрубы накрытыя ўзаемна перпендыкулярнымі двухсхільнымі дахамі. На сяродкрыжжы масіўны васьмігранны светлавы барабан, завершаны гранёным купалам з галоўкай. Абапал пяціграннага алтарнага зрубу невялікія прастакутныя ў плане рызніцы. У 1883 г. да галоўнага фасаду прыбудаваныя трох’ярусная вежа-званіца з бабінцам у ніжнім ярусе, накрытая невысокім чатырохсхільным шатром. Сцены гарызантальна ашаляваныя. Вокны прастакутныя. Унутры барабан купалу апіраецца на падпружныя аркі з ветразямі. Хоры размешчаныя ў асноўным аб’ёме. У інтэр’еры захаваліся фрагменты разнога драўлянага алтару XVII ст., якія выкарыстаны пры афармленні ўцалелых да гэтага часу іканастаса і ківотаў. Разьба іканастасу выкананая ў тэхніцы нізкага рэльефу: варыяцыі раслінных парасткаў з букетамі кветак і пладоў, галовак анёлаў, жаночых фігур. Разьбой пакрыты таксама плоскасці філёнгаў, калоны і абрамленні ківотаў. У 1988 г. праводзіўся капітальны рамонт пабудовы.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.

http://szlachta.io.ua/s211163/doylidstva_belarusi._chastka_5_mensk._metrapaliten-pyaredzelki