Мінск. Свята-Духаў кафедральны сабор
Гістарычны агляд:

МЕНСК. КАСЦЁЛ I КЛЯШТАР БЕРНАРДЗІНАК Помнік дойлідства барока. Уваходзіў у ансамбль Высокага рынку (сучасная пл. Свабоды), знаходзіўся на яе паўночна-ўсходнім баку і па вул. Бернардзінскай (сучасная вул. Кірыла і Мяфодзія, 3, 5, 7). Заснаваны ў 1633 г., фундатар Аляксандр Слушка. Пабудаваны драўляныя касцёл і кляштар, у 1642 г. пачалі ўзводзіць мураваныя будынкі, у 1687 г. новы касцёл быў асвячоны. Пасля пажару ў 1741 г. быў рэканструяваны. Кляштар уключаў касцёл, жылы корпус, флігель і гаспадарчыя пабудовы. Мураваныя касцёл і прыбудаваны да яго з паўночнага ўсходу двухпавярховы жылы корпус утваралі замкнёны ўнутраны двор. З паўночнага ўсходу ад жылога корпусу знаходзіцца двухпавярховы лямус, з паўднёвага ўсходу — трохпавярховы флігель, накрыты вальмавым дахам. Дамінаваў у кампазіцыі будынак касцёлу — трохнефавая шасціслуповая базіліка з трохграннай алтарнай апсідай, да якой сіметрычна прыбудаваны прастакутныя ў плане сакрысціі. Цнтральны неф накрыты двухсхільным дахам, бакавыя нефы — аднасхільнымі. Галоўны фасад з дзвюма шасціяруснымі вежамі (вышіня 34 м), завершанымі складанымі барочнымі купаламі, дэкарыраванымі пілястрамі, прафіляванымі карнізамі, праёмамі і нішамі з лучковымі і паўцыркульнымі завяршэннямі. Паміж вежамі размешчаны складаны па малюнку шчыт, упрыгожаны падвойнымі пілястрамі, карнізнымі паясамі. Бакавыя фасады раскрапаваныя пілястрамі, карнізнымі паясамі, прарэзаны вялікімі лучковымі і арачнымі аконнымі праёмамі. Цэнтральны неф перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі, бакавыя — крыжовымі. Інтэр’ер у 1-й палове XIX ст. быў упрыгожаны сямю стукавымі алтарамі. Жылы корпус меў калідорную планіроўку. Яго паўднёва-ўсходні фасад вылучаны двума рызалітамі. Рытм фасадаў ствараюць прастакутныя аконныя праёмы і пілястры. У 1853 г. жаночы кляштар быў ліквідаваны. Пасля падаўлення нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863—64 гг. у будынку працавала дзяржаўная следчая камісія. З 1870 г. у будынках кляштару размяшчаўся праваслаўны манастыр Святога Духа. Пасля II Сусветнай вайны ў ім знаходзіцца праваслаўны кафедральны сабор. Помнік рэспубліканскага значэння. У.М. Дзянісаў http://szlachta.io.ua/s210970/doylidstva_belarusi._chastka_4_l-mensk._mehanichny_zavod