Кобрын. Свята-Мікалаеўская царква
2008.11 Фота: Арабей В.
Гістарычны агляд:
Кобрынская Мікалаеўская царква, помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1750-я гады за межамі Кобрына, на беразе ракі Мухавец, у 1841 годзе перавезена ў горад (вул. Камуністычная, 2), перабудавана з элементамі позняга класіцызму.

Складаецца з асноўнага зруба, 5-граннай алтарнай апсіды і 4 чацверыковых аб’ёмаў, размешчаных па вуглах асноўнага зруба. Усе аб’ёмы накрыты агульным шматсхільным дахам, у сярэдзіне якога на чацверыковым пастаменце ўзвышаецца вялікі 8-гранны светлавы барабан з купалам. Галоўны фасад раскрапаваны па баках выступамі і аздоблены 2 калонамі. Сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі. Вокны прамавугольныя. У інтэр’еры барабан купала з дапамогай ветразяў апіраецца на 4 калонкі ў цэнтры залы. Над уваходам хоры. У 1970-я гады супрацоўнікамі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР былі знойдзены драўляныя скульптуры, у тым ліку Святы Мікалай (перададзены ў музей старажытна-беларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі). У 1960-я гады царква закрыта, выкарыстоўвалася музеем імя Суворава як складское памяшканне, у 1989 вернута вернікам, адрамантавана. Помнік рэспубліканскага значэння.

“Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік”, Мінск 1993, стар. 245.