Турэц. Свята-Пакроўская царква
2005.10
Гістарычны агляд:
Свята-Пакроўская царква, в. Турэц, Карэліцкі раён.

Турэцкая Пакроўская царква, помнік рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудавана ў 1888 годзе з бутавага каменю і цэглы.
У плане ўяўляе сабой традыцыйную 4-часткавую схему (званіца, трапезная, асноўны 3-нефавы аб’ём у выглядзе крыжа і апсіда). У архітэктуры храма выкарыстаны элементы і формы старажытна-рускага дойлідства: вісячыя падвойныя аркі на парталах прытвораў, ліштвы акон, 3-лопасцевыя какошнікі на фасадах, 5-купальная кампазіцыя асноўнага аб’ёму, цыбулепадобныя рабрыстыя купалы на 8-гранных барабанах галоўнага аб’ёму і на 2-яруснай званіцы. Спалучэнне прыроднага каменю і атынкаваных белых дэталей дэкору ўзбагачае архітэктурна-мастацкія якасці помніка. У інтэр’еры трапезная раскрываецца ў цэнтральны неф арачным прасветам. Пазалочаны іканастас выкананы ў канцы 19 – пачатку 20 стагоддзя. Царква дзейнічае.

(“Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік”, Мінск 1993, стар. 470).

(Інфармацыю знайшоў Чувак А.А.)