Палонка. Свята-Мікалаеўская царква
Гістарычны агляд:

Формы і каноны манументальнай праваслаўнай архітэктуры ўдала інтэрпрэтаваны ў творы народнага драўлянага дойлідства – Свята-Мікалаеўскай царкве ў в. Палонка. Яна пастаўлена ў цэнтры вёскі ў пачатку ХХ ст. Да гэтага часу ў вёсцы мелася драўляная 7 класа Параскевінская царква, пабудаваная за кошт існаваўшага тут дамініканска кляштара.  Кампазіцыя храма мае сіметрычна-восевую аб’ёмна-прасторавую будову. Да квадратнага ў плане асноўнага сасновага зруба далучаюцца: з усходу – пяцігранная апсіда з 2 бакавымі рызніцамі, з захаду – прытвор з трох’яруснай (васьмярык на двух чацверыках) званіцай з шатровым верхам над ім. Пакаты чатырохсхільны дах асноўнага зруба завершаны васьмігранным светлавым барабанам з гранёнай цыбулепадобнай галоўкай на невысокім шатры. Інтэр’ер храма асвечаны высокімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах і арачнымі вокнамі светлавога барабана. Апсіду вылучае драўляны іканастас позняй работы.


Згодна з апісаннем Мінскай епархіі 1864 года ў мястэчку Палонка знаходзілася Свята-Параскева-Пятніцкая, сёмага класа драўляная царква, пабудаваная коштам былога дамініканскага манастыра. Пры царкве было 36 дзесяцін зямлі. Прыхаджан 706.


У апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі 1879 года згадваецца драўляная Свята-Параскева-Пятніцкая царква. Царква была вырашана падоўжаным прамавугольнікамса звонніцай у франтоннай частцы. Дах гонтавы, вокны размешчаны ў адзін рад, адныя дзверы. Унутры царква мела падлогу з цэглы, столь падшыта дошкамі, сцены пабелены. Стары драўляны іканастас пафарбаваны ў сіні колер, з пафарбаванымі карнізамі і рамамі, складаўся з 11 абразоў народнага пісьма размешчаных ў адзін рад.


Настаяцелем храма быў Мікалай Бабарыка, рукапаложаны ў 1868 годзе. Прозвішча настаяцеля Свята-Мікалаеўскай царквы вёскі Палонка Мікалая Бабарыкі згадваецца ў Памятных кніжках Мінскай губерніі да 1914 года ўключна.


Пры царкве было заснавана царкоўна-прыходскае папячыцельства і царкоўна-прыхадская школа.


У склад прыходу ўваходзілі вёскі Палонка, Свіраны, Лотвічы, Пераносіны, Дзедкавічы, Дзеколы, Забалацце, Альбінкі, Нябыты, Сеўрукі, Цеунцы, Гахадзейчыцы, Жарабілавічы, Залоў, Серкі.


 


Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007. – стар. 312.


Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён. Мінск, Белта, 2000, стар 646.


Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии Архимандритом Николаем, Санкт-Петербург, 1864, Новогрудский уезд, стар. 202-213.


Описание церквей и приходов Минской епархии, Минск, 1879.


Памятныя кніжкі Мінскай губерніі на 1883, 1889, 1891, 1893, 1895, 1898, 1900, 1902, 1905, 1907, 1908, 1910, 1912, 1913, 1915 гады.


 (Інфармацыю знайшоў Чувак А.А.)