Богіна  . Свята-Пакроўская царква
2007.07
Гістарычны агляд:

Пабудавана ў 1892 г. з цэглы на месцы храма, адзначанага ў 1881 г. ' У 1-ю сусветную вайну ў наваколлі Богіна вяліся актыўныя баявыя дзеянні. На ўшанаванне памяці салдат і афіцэраў рускай арміі, якія загінулі ў час вайны, у царкве ўстаноўлены памятныя дошкі.


Архітэктура храма вырашана ў рэтраспектыўна-рускім стылі. Кампазіцыю манументальнага будынка складаюць размешчаныя па падоўжнай восі аб'ёмы званіцы, бабінца, малітоўнай залы, апсіды. У сілуэце храма дамінуе 3-ярусная чацверыковая вежа-званіца з гранёным шатром і макаўкай у завяршэнні. Архітэктурны дэкор запазычаны са старажытнарускага дойлідства: паясы гарадкоў, кілепадобныя ліштвы арачных аконных праёмаў, какошнікі. Абразы: «Георгій Перамоганосец» і «Іосіф з дзіцем» (мяжа 18-19 ст.), «Маці Божая з дзіцем» (18 ст., перанесены з закрытай у 1967 царквы ў в. Казяны Браслаўскага р-на).


' Литовские епархиальные ведомости, 1881. № 12. с. 107


Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007.