Ліда. Свята-Георгіеўская царква
2014.10 Фота: Чувак А.
Гістарычны агляд:

На могілках. Пабудавана ў канцы 20 ст. з сілікатнай цэглы над капліцай 19 ст.


Вырашана манументальным прамавугольным у плане аб’ёмам, да якога далучаны прамавугольны прытвор, 2-схільны дах якога завершаны 4-граннай шатровай званіцай з макаўкай. Фасады расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў арачных ліштвах. Уваход аформлены глыбокай аркай.


Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007. –стар. 226.


Храм святога велікамучаніка Георгія Перамаганосца ў г. Ліда пабудаваны з дрэва ў 1875 годзе на сродкі купца Антонія Васнеўскага як могілкавая капліца. У тым жа годзе ў храм быў перанесены захаваны Прастол з аднайменнай дамовай царквы Лідскага замка.


Пасля захопу палякамі г. Ліды ў 1919 годзе Свята-Георгіеўскі храм застаўся адзіным праваслаўным храмам у горадзе.


У 1920-х гадах з боку бабінца была зроблена драўляная прыбудова.


У 1990-х гадах Георгіеўскі храм пачалі пашыраць, бо ўсе вернікі не маглі змясьціцца ў маленечкую царкву. З часам былі ўзведзены з сілікатнай цэглы сцены новага храма, накрыты дах. І атрымаўся храм у храме: заходзіш у новы - і, пераступіўшы парог, апынаешся ў старым храме XIX стагоддзя. Па завяршэнні будаўнічых работ царква стала вялікай і прасторнай, здольнай змясціць каля 500 чалавек.


22 лістапада 2008 года Свята-Георгіеўская царква была асвечана як Храм-Помнік у памяць 1020-годдзя Хрышчэння Русі. Асвячэнне Храма-Помніка ўзначальваў архіепіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый


У верасні 2014 года на ўсходняй сцяне Свята-Георгіеўскага храма Ліды ўсталявалі памятны медальён з выявай князя Канстанціна Астрожскага. Гэты медальён - даніна памяці праваслаўных лідчан абаронцу праваслаўя ў Вялікім княстве Літоўскім.


Медальён ўяўляе сабой круглую пліту чырвонага граніту, на якой адліты партрэт князя. Па крузе медальёна выбіты надпіс: «Князю Канстанціну Іванавічу Астрожскаму - абаронцу веры І дзяржавы».


Дзякуючы князю Астрожскаму фактычна была адменена забарона на будаўніцтва праваслаўных цэркваў у дзяржаўных уладаннях ВКЛ. У 1511 г. атрымаў дазвол на перабудову Віленскага Прачысценскай сабора, а ў 1514 - на будаўніцтва ў Вільні цэркваў Святой Тройцы і Свяціцеля Мікалая, пабудаваў царкву ў Смалявічах (каля 1520).


Князь шмат ахвяраваў храмам Вільні, Новагародка, Турава і Кіева-Пячэрскага манастыра.


Князь Канстанцін Астрожскі пахаваны ў Вялікай царкве Кіева-Пячэрскай лаўры, дзе былі пахаваныя яго продкі, у тым ліку прадзед князь Фёдар Васільевіч Астрожскі, які спачывае нятленна ў Далёкіх пячорах.


Урачыстае адкрыццё шыльды памяці Канстанціна Астрожскага адбылося 11 верасня 2014 года ў дзень ягонай смерці. Меркавалася, што памятны знак будзе адкрыты на 500-годдзе перамогі ў бітве пад Воршай, у якой вялікі гетман адыграў вырашальную ролю, але з аб’ектыўных прычын асвячэнне медальёна было перанесенае на 11 верасня – дзень памяці выдатнага вялікакняжацкага ваяра.


Асвяціў памятны медальён благачынны цэркваў Лідскай акругі айцец Расціслаў Салаўёў. Такім жа чынам плануецца адзначыць памяць пра Канстанціна Астрожскага ў мястэчку Дзятлава – колішнім уладанні роду Астрожскіх.