Вольна. Свята-Троіцкая царква
2008.08 Фота Тарасевіча В.М.
Гістарычны агляд:

Пабудавана як уніяцкая базыльянская царква. У ХІХ ст. пры стасавана пад праваслаўную. У гэтай якасці дзейнічае ў цяперашні час. Мураваная трохнефавая, двухвежавая базiлiка з паўкруглай апсiдай, бакавымi сакрыс цiямi i трансептам. Архітэктурны дэкор галоўнага фасада – «разарваны» карнiз, пiлястры, акантавае лісце, кароны, воінская атрыбутыка і інш., а таксама дэкаратыўны акцэнт інтэр’ера – галоўны алтар, вырашаны ў выглядзе каланады з крывалінейнымі антаблементамі, упрыгожаны скульптурнымі групамі анёлаў, адпавядаюць архітэктурнай эстэтыцы ракако. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад. В.Я. Абламскі, І.М. Чарняўскі, Ю.А. Барысюк. – Мінск : БЕЛТА, 2009. – С.14–15.


Згодна з апісаннем 1864 года ў сяле Вольна знаходзілася Свята-Троіцкая, чацьвёртага класа мураваная царква, пабудаваная ў 1768 годзе коштам існаваўшага тут мужчынскага ўніяцкага манастыра. На час апісання тут дзейнічаў жаночы трэцяга класа праваслаўны манастыр (існаваў да 1873 года). Да Вольнаўскага храма належала прыпісная драўляная Свята-Параскева-Пятніцкая царква ў вёсцы Чэрніхава, пабудаваная памешчыкам Марцінам Халецкім і прыпісная драўляная Свята-Крыжаўзвіжанская царква вёскі Стайкі, пабудаваная памешчыкам Юдзіцкім. Пры царкве было 2459 прыхаджан (1152 мужчын і 1307 жанчын).


У апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі 1879 года згадваецца мураваная, складзеная з цэглы, Свята-Троіцкая царква, пабудаваная ў 1768 годзе, за чвэрць вярсты ад вёскі. Царква вырашана падоўжаным крыжам з адным глухім купалам і двума франтоннымізванічнымі вежамі. Дах драўляны, вокны размешчаны ў адзін рад, мелася трое дзвярэй. Унутры скляпенні ўтрымліваюцца на чатырох слупах. Сцены пабелены. Падлога часткова складзена з каменных пліт, а часткова з цэглы. Драўляны іканастас, размешчаны паміж каменнымі слупамі,складаўся толькі з 2 абразоў. Ў царкве захоўваўся мясцова-шанаваны абраз Божай Маці. На звоніцы было тры невялікіх званы.


Пры царкве мелася дзве прыпісныя царквы: Царква ў гонар Казанскай іконы Маці Божай, вёскі Задзвея і Свята-Параскева-Пятніцкая царква ў вёсцы Чэрніхава.


Прычт храма складалі настаяцель, памочнік настаяцеля і два псаломшчыкі. У склад прычта ўваходзілі святар Мікіта Серада, рукапаложаны ў 1875 годзе і святар Васіль Пігулеўскі, рукапаложаны з дыякана ў 1875 годзе. Пры царкве было заснавана царкоўна-прыходскае папячыцельства і штатнае народнае вучылішча.


У склад прыходу ўваходзілі вёскі Вольна, Рабкавічы, Бартнікі, Залессе, Стайкі, Шчэрбавічы, Паланечка, Задвея, Савічы, Чэрніхава, Галынка, Ліхасельцы, Нагорная, Цішкавічы, Макашы, Юшкевічы, Кломпікі, Падлясейкі.


Памятныя кніжкі Мінскай губерніі захавалі нам імёны яшчэ некаторых настаяцеляў Свята-Троіцкай царквы вёскі Вольна: Васіль Пігулеўскі (1883-1893), Юліян Герасімовіч (1898-1914) (даты пададзены па гадах выхаду Памятных кніжак Мінскай губерніі).


 


Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён. Мінск, Белта, 2000, стар 641-642.


Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии Архимандритом Николаем, Санкт-Петербург, 1864, Новогрудский уезд, стар. 202-213.


Описание церквей и приходов Минской епархии, Минск, 1879.


Памятныя кніжкі Мінскай губерніі на 1883, 1889, 1891, 1893, 1895, 1898, 1900, 1902, 1905, 1907, 1908, 1910, 1912, 1913, 1915 гады.


(Інфармацыю знайшоў Чувак А.А.)