Ружаны. Свята-Петра-Паўлаўская царква
2008.08 Фота Тарасевіча В.М.
Гістарычны агляд:
Ружанская Петрапаўлаўская царква, помнік архітэктуры барока.
Пабудавана ў г.п. Ружаны (Пружанскі раён). Вядома з 1568 года як драўляная царква. Мураваная закладзена ў 1762 годза па фундацыі Хрысціны з Сапегаў Масальскіх, будаўніцтва скончана ў 1779 годзе (архітэктар Я.С. Бекер). Мураваны аднанефавы аднавежавы з вялікай паўкруглай апсідай будынак накрыты невысокім 2-схільным дахам, які над апсідай пераходзіць у конусападобны і завяршаецца галоўкай. Па баках апсіды размешчаны 2 квадратныя ў плане невысокія рызніцы, накрытыя 3-схільнымі дахамі. Галоўны фасад мае ў цэнтры рызаліт, расчлянёны вертыкальнымі гарызантальнымі элементамі складанага профілю (карнізы, раскрапоўкі, пілястры, нішы, філёнгі), завершаны атыкам з трохвугольным франтонам і 2-яруснай прамавугольнай у плане вежай-званіцай (з вітымі ўсходамі ўнутры), накрытай крыжападобным дахам з 4 франтончыкамі і галоўкай у цэнтры. Сцены бакавых фасадаў раскрапаваны пілястрамі і завершаны развітым карнізам. Аконныя і дзвярныя праёмы з паўцыркульным арачным завяршэннем маюць прафіляваныя абрамленні. Перакрыццё бэлечнае з падшыўным люстраным скляпеннем. Унутры на столі галоўнага аб’ёму і апсіды размалёўка на тэму “Праабражэнне” (пашкоджана пажарам ў 1895 годзе, адноўлена ў пачатку 20 стагоддзя). На скляпенні апсіды размешчана кампазіцыя “Бог Саваоф”. На паўночнай і паўднёвай сценах у медальёнах выявы Пятра і Паўла. Жывапіс вызначаецца сухаватай акадэмічнай манерай. У агульнай каларыстычнай гаме, нягледзячы на багацце сініх тонаў, пераважаюць прыглушаныя цёплыя адценні (карычнева-чырвоныя, вохрыстыя). Помнік рэспубліканскага значэння.

(“Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік”, Мінск 1993, стар. 418).

(Інфармацыю знайшоў Чувак А.А.)