Ашмяны. Свята-Уваскрасенская царква
2008.08 Фота Фёдаравай Т.
Гістарычны агляд:

У цэнтры горада, з касцёлам св. архангела Міхаіла фарміруе сілуэт гістарычнай плошчы. Пабудавана ў 1875 г. з цэглы на месцы папярэдняй драўлянай царквы 1830-х гг.'.


У 1894 г. на храм была выдзелена сума ў 600 руб. паводле духоўнага завяшчання П.І. Медынцавай. У 1934 г. святаром быў рэлігійна-грамадскі дзеяч беларускага замежжа М. Лапіцкі (1907-76). Адрэстаўрыраваны і адкрыты ў 1988-90 гг.


Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Крыжова- купальны храм з нізкімі прамавугольнымі бакавымі прыдзеламі і апсідай. Над сяродкрыжжам — 8-гранны барабан пад пакатым шатровым дахам, завершаным цыбулепадобным купалам на глухім 8-гранным барабане. Над прытворам узведзены 8-гранны ярус шатровай званіцы з макаўкай. Крылы прытвораў накрыты 2-схільнымі дахамі. Тры ўваходы (галоўны і 2 бакавыя) вырашаны манументальнымі парталамі з кілепадобнымі аркамі. Сцены крапаваны лапаткамі, апярэзаны буйнымі аркатурнымі фрызамі. Сіметрыя архітэктурных плоскасцей падкрэсліна лучкавымі аконнымі праёмамі і плоскімі ліштвамі.


У інтэр'еры пануе 2-светлавая прастора сяродкрыжжа, у якое пры дапамозе ветразевай канструкцыі адкрываецца 8-гранны светлавы барабан і яго шатровае скляпенне. У цэнтральную залу шырокімі арачнымі прасветамі расчыняюцца апсіда, прыдзелы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі. Апсіда вылучана 1-ярусным іканастасам у стылі эклектыкі.


 


РДГА, ф.1488, воп. 1, спр.311, арк.1-3.


 


Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007.