Валавель. Свята-Георгіеўская царква
2013.05 Фота: Фёдарава Т.
Гістарычны агляд:

ВАЛАВЕЛЬ. ЦАРКВА СВЯТОГА ЮР’Я Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1766 г. у в. Валавель (Драгічынскі р-н) як уніяцкая. Мае рысы стылю барока. Прастакутны асноўны зруб і выцягнутая пяцігранная апсіда накрытыя агульным гонтавым дахам з хвалямі над трохкутнымі навісямі ў месцы злучэння зрубаў. На галоўным фасадзе тарэц даху вырашаны як спалучэнне крывалінейнага франтону з паўвальмай і дзвюма чацверыковымі вежамі па баках, завершанымі шасціграннымі шыйкамі і галоўкамі над імі. Падобная галоўка прарэзвае вільчык даху над алтаром. Складаныя формы завяршэнняў маюць шматлікія заломы і выгіны. Па баках апсіды прыбудаваныя сіметрычныя нізкія рызніцы, пры ўваходзе — тамбур. Сцены вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі. Вокны прастакутныя, на галоўным фасадзе ў выглядзе паўцыркульных імпастаў. Інтэр’ер зальны з плоскай столлю. Над уваходам трапецападобныя ў плане хоры. Каля царквы двух'ярусная чацверыковая званіца каркаснай канструкцыі, накрытая нізкім шатровым дахам. Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння. Т.В. Габрусь http://szlachta.io.ua/s210577/doylidstva_belarusi._chastka_2_v-gnezna


 


Пабудавана ў 1766 г. з дрэва'.


Помнік народнага дойлідства з элементамі стылю барока.  Аб'ёмна-прасторавае вырашэнне царквы традыцыйнае: квадратны ў плане асноўны зруб, 5-гранная апсіда і «забраны ў слупы» бабінец размешчаны на падоўжнай восі з заходу на ўсход. Рызніцы прыбудаваны роўна з плоскасцямі бакавых сцен храма і накрыты 1-схільнымі дахамі. Агульны 2-схільны гонтавы дах пластычнымі хвалямі і трохвугольнымі застрэшкамі над апсідай пераходзіць у вальмавы.


Вежы на галоўным фасадзе аб'яднаны фігурным 3-лопасцевым франтонам даху, увянчаны 6-граннымі макаўкамі барочнага тыпу. Гонтавыя паверхні пакрыццяў у некалькіх месцах маюць заломы і выгіны. Сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі, прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі і круглымі люкарнамі (на галоўным фасадзе).


У малітоўную залу, перакрытую плоскай бэлечнай столлю, у заходняй частцы выступаюць трапецападобныя ў плане хоры. Апсіда вылучана драўляным іканастасам, выкананым у 1830-я гг. Абразы 18 -19 ст.: «Георгій Перамоганосец», «Архангел Міхаіл», «Маці Божая Замілаванне».


Званіца складаецца па вертыкалі з 2 роўных размежаваных адлівам чацверыкоў каркаснай канструкцыі (1-ы ярус — глухі, 2-і — скрозны з дашчаным парапетам) і пакрыта шатровым дахам. У ёй звон 1858 г.


 


' НГАБ у г. Гродна, ф. 1, воп. 19, спр. 1004, арк. 9 — 29 .


Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007.