Жыровічы. Свята-Крыжаўзвіжанская царква
2008.08 Фота: Чувак А.
Гістарычны агляд:
Крыжаўзвіжанская царква пабудавана ў 1769 годзе як уніяцкі храм-кальварыя ў стылі ракако, ва ўсходняй частцы манастыра на самым высокім месцы. Адназальная, са званіцай над уваходам, без вылучэння апсіды ў самастойны аб’ём. Галоўны паўночна-заходні фасад вызначаецца стройнасцю і лёгкасцю 3-яруснай кампазіцыі. Плаўны пераход ярусаў забяспечваецца бакавымі валютамі. Трэці ярус – 4-гранная вежачка з фігурнай барочнай галоўкай. Падобная меншага памеру вежачка над алтарнай часткай. Зала храма перакрыта цыліндрычным скляпеннем на распалубках і асветлена бакавымі лучковымі вежачкамі. Над уваходам на 3-пралётнай лучковай аркадзе хоры з плаўна хвалістай лініяй парапета. Шматступенчатая (28 ступеняў) аднамаршавая лесвіца займае палавіну будынка, мела ілюзорны працяг на перспектыўнай фрэскавай сюжэтнай размалёўцы алтарнай сцяны, што пашырала прастору інтэр’ера.

(“Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік”, Мінск 1993, стар. 214-216).

(Інфармацыю знайшоў Чувак А.А.)