Вейна. Свята-Пакроўская царква
2006.07
Гістарычны агляд:

ВЕЙНА. ЦАРКВА ПОКРЫВА ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ Помнік дойлідства позняга класіцызму. Пабудаваная ў 1-й палове XIX ст. ў в. Вейна (Магілёўскі р-н). Цэнтрычны, блізкі ў плане да квадрату будынак са скругленымі кутамі. У сілуэце дамінуе цыліндрычны барабан са сферычным купалам. Кутнія часткі галоўнага фасаду завершаныя круглымі ў сячэнні вежамі з купальнымі пакрыццямі. Фасады вырашаныя плоскасна, прарэзаныя ў скругленых кутніх частках аб’яднанымі па вертыкалі прастакутнымі і квадратнымі аконнымі праёмамі. Бакавыя ўваходы вылучаныя рызалітамі, завершанымі трохкутнымі франтонамі. Уваходныя прастакутныя праёмы заглыбленыя ў прастакутныя нішы, аформленыя калонамі, завершаны стральчатымі люкарнамі. Да галоўнага ўваходу прыбудаваны вялікі драўляны прытвор. Інтэр’ер раскрыты ў падкупальную прастору барабану, асветленую чатырма буйнымі круглымі люкарнамі. Складаная скляпеністая канструкцыя перакрыцця трымаецца на чатырох буйных слупах, аб’яднаных са сценавымі пілястрамі падпружнымі аркамі. У дэкоры выкарыстаная фрэскавая размалёўка ў стылі класіцызму. У прасценках светлавога барабану ў медальёнах размешчаныя выявы чатырох евангелістаў, ніжэй — у абрамленнях чатыры шматфігурныя кампазіцыі на біблейскія сюжэты. Малюнак выразны, выкананы колера-ценявой мадэліроўкай. Каларыстычная гама цёплая, мяккая, прыглушаных пастэльных таноў. Размаляваныя таксама скляпенні, сцены апсіды (падноўленыя ў XIX ст.). Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння А.М. Кулагін, В.В. Церашчатава http://szlachta.io.ua/s210577/doylidstva_belarusi._chastka_2_v-gnezna


У цэнтры вёскі. Пабудавана ў канцы 1850 г. з цэглы.'


Помнік архітэктуры класіцызму. Цэнтрычны будынак у плане блізкі да квадрата са скругленымі вугламі. У яго кампазіцыі дамінуе сферычны купал на круглым светлавым барабане. Вуглавыя часткі галоўнага фасада завершаны круглымі вежамі. Фасады раскрапаваны рызалітамі, завершанымі трохвугольнымі франтонамі. Па восях рызалітаў размешчаны вялікія нішы з лучковымі архівольтамі. У нішах з заходу і поўдня — уваходы , аздобленыя паўкалонамі і стральчатымі люкарнамі ў архівольтах. Пры галоўным уваходзе — вялікі драўляны прытвор.


У інтэр'еры 4 магутныя слупы і перакінутыя цераз іх аркі трымаюць барабан і вылучаюць 8 бакавых больш нізкіх прасторавых частак, перакрытых скляпеннямі складанай канфігурацыі. У дэкоры фрэскавыя размалёўкі ў стылі класіцызму. Паміж вокнамі барабана ў медальёнах размешчаны выявы 4 евангелістаў, ніжэй, у рамных абрамленнях, - 4 шматфігурныя кампазіцыі на біблейскія сюжэты. Фрэскавай размалёўкай пакрыты скляпенні, бакавыя сцены алтара і сяродкрыжжа.


'Беларускі праваслаўны каляндар, 1997, Мн., 1996, С. 113.


Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007.