Магілёў. Свята-Мікалаеўскі сабор
2006.07
Гістарычны агляд:
МАГІЛЁЎ. КОМПЛЕКС МІКАЛАЕЎСКАЙ ЦАРКВЫ

Помнік дойлідства барока. Размешчаны ў пойме Дняпра (вул. 1-й Волі) на агароджанай тэрыторыі. Складаецца з шэрагу мураваных пабудоў: Мікалаеўскай і Ануфрыеўскай цэркваў, жылога дому (шпіталь), званіцы, агароджы з уязной брамай.

Мікалаеўская царква. У 1636 г. кароль Уладзіслаў IV даў прывілей мітрапаліту Пятру Магіле на будаўніцтва ў Магілёве царквы Святога Мікалая. Спачатку была ўзведзеная драўляная царква і адначасова драўляныя манаскія келлі. Мураваная пабудаваная на месцы драўлянай у 1669—72 гг. Трохапсідная крыжова-купальная базіліка з васьмігранным светлавым барабанам і цыбулепадобным купалам над сяродкрыжжам. Галоўны фасад падзелены карнізамі на тры гарызантальныя ярусы і завершаны дзвюма вежамі з фігурным франтонам паміж імі. Першы (ніжні) ярус — масіўны, аздоблены трыма паўцыркульнымі нішамі, другі аздоблены "глухой" аркатурай з ляпным раслінным арнаментам і спаранымі нішамі з гіркамі, у трэцім — такі ж аркатурны матыў больш насычаны дэкаратыўнай аздобай. Галоўны ўваход вылучаны васьмігранным тамбурам (позняя пабудова). Бакавыя фасады дэкарыраваныя высокімі пілястрамі, крылы трансепту завершаныя фігурнымі шчытамі. У інтэр’еры два рады калон падзяляюць прастору на тры нефы. Цэнтральны неф і трансепт перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі, бакавыя нефы — крыжовымі. Над уваходам размешчаныя хоры. чатырох’ярусны іканастас (скразная разьба па дрэве, пазалота) выкананы мясцовымі майстрамі. Скляпенні купала ўпрыгожаныя фрэскавай кампазіцыяй канца XVII ст. "Тройца новазапаветная", на ветразях выявы чатырох евангелістаў з сімваламі. Сюжэтныя сцэны на біблейскія і евангельскія тэмы, размешчаныя на двух узроўнях паміж аконнымі праёмамі барабана (збераглося 19 кампазіцый), створаныя ў 1-й палове XVIII ст. У алтарнай частцы — сюжэтны і арнаментальны жывапіс канца XVIII — пачатку XIX ст. Размалёўкі зробленыя ў тэхніцы фрэскі і клеявымі фарбамі. Колеравая гама стрыманая светлая, цёплых тонаў; пераважаюць вохра з адценнямі, ружова-чорны, жоўта-карычневы колер з дамешкам зялёнага, блакітна-сіняга. Тыпаж простанародны, у сцены ўведзены скупы пейзаж. Размалёўкі сцен зберагліся часткова.

Ануфрыеўская царква пабудаваная ў 1798 г. побач з Мікалаеўскай, з’яўляецца "цёплай" (зімовай). Уяўляе сабой крыжовакупальны аб’ём, над сяродкрыжжам — светлавы цыліндрычны барабан, завершаны сферычным купалам. Крылы трансепту завершаны трохкутнымі франтонамі і дэкарыраваны пілястрамі.

Жылы дом узведзены ў XVII ст. як шпіталь і царкоўны жылы дом. Аднапавярховы прастакутны ў плане будынак далучаны да паўдёвага боку агароджы. Тарцовы фасад завершаны шчытом фігурнага абрысу і дэкарыраваны трыма спаранымі арачнымі нішамі. Агароджа з брамай будавалася ў XVII—XVIII стст. Уяўляе сабою мураваную глухую сцяну, якая абкружае трапецападобную тэрыторыю, дэкарыраваную аркатурным поясам, мае два уваходы (з захадняга і ўсходняга бакоў). Заходні — галоўная ўязная брама з лучковым праёмам. У паўднёва-ўсходнім баку агароджы ўбудаваная аднапавярховая квадратная ў плане шатровая капліца. Званіца ўзведзеная ў XVII—XVIII стст. у паўднёва-заходнім баку агароджы. Квадратнае ў плане двух’яруснае збудаванне з высокім шатровым дахам. Першы чацверыковы ярус — глухі, грані дэкарыраваныя арачнымі нішамі, куты — пілястрамі, другі — шасцігранны, мае арачныя праёмы (праз адну на кожнай грані).

Комплекс пашкоджаны ў ІІ Сусветную вайну, у 1981 г. скончаны знешнія рэстаўрацыйныя работы, завяршаюцца работы па аднаўленні манументальнага жывапісу ў інтэр’еры Мікалаеўскай царквы. Помнік рэспубліканскага значэння.

Т.І. Чарняўская

http://szlachta.io.ua/s210970/doylidstva_belarusi._chastka_4_l-mensk._mehanichny_zavod