Наваельня . Свята-Раства-Багародзіцкая царква
2007.08
Гістарычны агляд:

Свята-Раства-Багародзіцкая царква, г.п. Наваельня Дзятлаўскі раён.


Царква ў гонар Ражджаства Прасвятой Багародзіцы размешчана на паўднёвай ускраіне пасёлка. Пабудавана ў 1876-1879 гг. з цэглы паводле праекта архітэктара А. Лазінскага на месцы спаленай царквы.


У 1872 годзе члены Наваельненскага папячыцельства хадайнічаюць перад гродзенскай царкоўна-будаўнічай прысутнасцю: “Давно мы имеем необходимую нужду в новой церкви. Более десятка лет после того как сгорела от громового удара наша деревянная церковь мы должны были ходить на богослужение в ближайшую Дворецкую церковь… Мы в 1864 году устроили на свои скудные средства маленькую кладбищенскую церковь, покрыта соломой”.У хадайніцтве далей просяць пабудаваць калі не мураваную, то хаця б драўляную царкву. Хадайніцтва было задаволена, і ў 1876-1879 гг. на месцы спаленай узводзіцца новая мураваная царква.


Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Складаеццаз кубападобнага аб’ёму малітоўнай залы пад пакатым 4-схільным дахам, прамавугольнай трапезнай (званіца над ёй была разбурана) і апсіды. На даху – цыбулепадобны купал на 8-гранным барабане. Над уваходам і апсідай – макаўкі. Арачныя аконныя праёмы і круглыя люкарны бакавых фасадаў аб’яднаны ў 2 ярусы агульнай кілепадобнай ліштвай. Кілепадобнымі аркамі вырашаны ўваходныя парталы 3 паперцей і абрамленні арачных аконных праёмаў. Дэкор фасадаў уключае крапаваныя шырынкамі пілястры, прафіляваныя карнізы, аркатурныя фрызы, нішы. Зала царквы перакрыта цыліндрычным скляпеннем на падпружных арках.


У выданні “Гродненский православно-церковный календарь. Православие в Брестско-Гродненской земле в конце XIX века” апісваецца каменная царква з каменнай званіцай, абнесеная драўлянай агароджай. Царква пабудавана ў 1878 годзе на месцы былой драўлянай царквы, пастаўленай ў 1755 годзе, якая згарэла ў 1847 годзе.Пры царкве было заснавана царкоўна-прыходскае папячыцельства, працавалі дзве школы ў Ведравічах і Наваельні з 84 навучэнцамі хлопчыкамі і 11 дзяўчынкамі. Настаяцелем храма быў Аляксандр Дубінскі, рукапаложаны 2ліпеня 1895 года.


У склад прыходу ўваходзілі вёскі Наваельня, Аханяны, Ведравічы, Варакомшчына, Корыца, Ляжайкі, Навасёлкі, Рабкі, Сілівонкі, Талкуны. Да царквы належала 814 прыхаджан мужчын і 888 жанчын, а разам 1702 чалавекі.


Памятныя кніжкі Гродзенскай губерніі захавалі прозвішчы некаторых святароў Свята-Раства-Багародзіцкай царквы, г.п. Наваельня: Уладзімір Шалкоўскі (1882), Якаў Іллюкевіч (1890-1892), Аляксандр Дубінскі (1895-1897), Віталь Лукашэвіч (1902), Ілля Маісевіч (1904), Канстанцін Кладніцкі (1906-1915) (даты пададзены па гадах выхаду Памятных кніжак Гродзенскай губерніі).


 


Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007. – стар. 292.


Памяць. Дзятлаўскі раён. Мінск, Універсітэцкае, 1997, стар.362.


Гродненский православно-церковный календарь. Православие в Брестско-Гродненской земле в конце XIXвека, издание второе, Воронеж 1899г.


Памятныя кніжкі Гродзенскай губерніі на 1866, 1867, 1869, 1874, 1877, 1882, 1890, 1892, 1896, 1897, 1902, 1904, 1906, 1908, 1909, 1912, 1915 гады.


(Інфармацыю падрыхтаваў А. Чувак)