Гродна. Свята-Пакроўскі кафедральны сабор
2012.08 Фота: Чувак А.
Гістарычны агляд:
Помнік архітэктуры пачатку 20 стагоддзя. Пабудавана ў псеўдарускім стылі на ўшанаванне памяці афіцэраў і ніжніх чыноў 26-й артылерыйскай брыгады, якія загінулі ў руска-японскую вайну 1904-1905. Мураваная 12-калонная базіліка. Над прытворам 10-метровая 8-гранная званіца, накрытая шатром, завершаным цыбулепадобным купалком на барабане. Абапал званіцы – невялікія шатры з купаламі. Над алтарнай апсідай 5 цыбулепадобных купалоў на 8-гранных барабанах з несапраўднымі вокнамі (блендамі), завершанымі какошнікамі. Над рызніцай – 2 шатры з макаўкамі. Галоўны фасад храма сіметрычны. Вокны паўцыркульныя з какошнікамі. Перад уваходам – высокія ганкі, упрыгожаныя разнымі 3-вугольнымі навісямі і калонкамі. Бабінец перакрыты высокімі крыжовымі скляпеннямі, мае мазаічную падлогу. Плоская столь асноўнага аб’ёму ўпрыгожана 3 размаляванымі плафонамі, сцены – магутным карнізам з сухарыкамі. Інтэр’ер аздоблены разным драўляным алтаром, размалёўкай. Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.

Пакроўскі храм пабудаваны ў цэнтры горада Гродна, на галоўнай вуліцы. Будынак храма - каменны, у выглядзе старажытнай рымскай базілікі, уяўляе выцягнутую форму як бы перакуленага карабля, з узнёслай сярэдняй часткай .

Спераду, над галоўным уваходам у храм, узвышаецца званіца, а ззаду, трохі вышэй сярэдняй часткі, над апсідай, размешчана група з пяці невялікіх купалоў; на чатырох кутах паніжаных частак храма ўстаноўлены вежкі з пазалочанымі макаўкамі. Такая ж макаўка і над вежай званіцы. У храм вядуць трое дзвярэй: з галоўнага фасада і дзве з бакавога.

Унутранае памяшканне храма падзелена двума радамі калон (па 6 у кожным шэрагу) з аркамі на тры нефы: сярэдні і два бакавых; па кірунку гэтых нефаў, наперадзе размешчаны прытворы і ход на званіцу, а ззаду тры прыдзелы з іканастасамі; сярэдні і адзін бакавы з прастоламі, прызначанымі для набажэнства, а трэці для рызніцы. Пад ўсёй алтарнай часткай храма маецца светлае сутарэнне, прызначанае для царкоўных вартаўнікоў і для склада розных царкоўных прылад. Для абагравання храма ўсталявана 8 кафляных печаў. Пол храма выкладзены метлахскімі плітамі на бетоннай аснове, а ў алтарнай частцы - паркетны. Сцены храма распісаны арнаментамі ў рымска-візантыйскім стылі. Вакол царквы лёгкая жалезная агароджа.

Пабудавала гэты храм Гродзенская ваенная Інжынерная дыстанцыя. З набыццём зямлі храм абыйшоўся ў 157.972 руб. Грошы былі адпушчаныя з сум зацверджанай пры Галоўным Штабе камісіяй па задавальненні рэлігійных патрэб воінскіх частак. Асвечаны храм 30 верасня 1907 і ўпершыню аддадзены для карыстання 101 і 103 пяхотным палкам. У гэтым жа храме задавальняюць свае рэлігійныя патрэбы і іншыя часткі гарнізона г. Гродна, якія не маюць сваіх штатных святароў.

Умяшчае храм да 2 тысяч чалавек.

"Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік", Мінск 1993, стар. 169-170
Цитович Г. А. Храмы армии и флота. Пятигорск, 1913, старонкі 151-155.
http://www.temples.ru/library.php?ID=160

(Інфармацыю знайшоў Чувак А.А.)