Мураванка. Свята-Раства-Багародзіцкая царква
2007.08
Гістарычны агляд:
Мураванкаўская царква-крэпасць, помнік абарончага дойлідства.

Пабудавана ў пачатку 16 стагоддзя ў вёсцы Мураванка (Шчучынскі раён). Храм абарончага тыпу. Трохнефавае 4-стаўповае збудаванне зальнага тыпу (у плане – прамавугольнік, блізкі да квадрата), завершанае высокім 2-схільным дахам са шчытамі на тарцах, адной паўкруглай апсідай (на ўсю шырыню асноўнага аб’ёму) і 4 круглымі вуглавымі вежамі, накрытымі шатрамі. Вітыя ўсходы вежаў вялі да байніц абарончага пояса ў верхняй частцы храма. Сцены і вежы ўпрыгожаны яруснай кампазіцыяй плоскіх атынкаваных нішаў, завершаных падвойнымі аркамі. Падобны дэкор мае фігурны шчыт на галоўным фасадзе. Гатычныя скляпенні царквы вызначаюцца тонкім малюнкам (спляценне гуртоў і нервюр зорчатых скляпенняў утварае трохвугольнікі і ромбырозных абрысаў і памераў). Пад храмам – скляпеністае сутарэнне-склад. Да пачатку 19 стагоддзя ў царкве былі герсы (пад’ёмныя дзверы-краты). У час рэканструкцый (1817, 1871-1872) да галоўнага фасада прыбудаваны прытвор, надбудаваны заходнія вежы, паніжаны дах, зроблены карнізы і павялічаны вокны. Помнік рэспубліканскага значэння.

(“Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік”, Мінск 1993, стар. 358).

(Інфармацыю знайшоў Чувак А.А.)