Навагрудак. Свята-Барыса-Глебскі сабор
2007.05
Гістарычны агляд:
Помнік архітэктуры 12-17 стагоддзяў. Даследавана П. Рапапортам і М. Каргерам (1961-1962, 1965), А. Кушнярэвічам (1987), А. Трусавым (1988). Спачатку на гэтым месцы ў 1-й палове 12 стагоддзя быў узведзены храм, сцены якога былі складзены з вапняковых туфавых блокаў і нязначнымі ўстаўкамі плінфы. Вакол храма крыху пазней была ўзведзена галерэя, зробленая з плінфы ў тэхніцы муроўкі “са схаваным радам”, што характэрна для полацкага дойлідства 12 стагоддзя. Храм быў распісаны фрэскамі, меў прыгожую маёлікавую падлогу з разнастайных паліваных керамічных плітак, квадратных, прамавугольных, і 3-вугольных. Падчас узвядзення яго былі выкарыстаны галаснікі. У 14 стагоддзі пры храме існаваў мужчынскі праваслаўны манастыр; з 1624 – жаночы, з 1628 – мужчынскі манастыр базыльян; з 1839 праваслаўная царква. У пачатку 16 стагоддзя і асабліва ў 1-й чвэрці 17 стагоддзя храм быў цалкам перабудаваны. Знікла галерэя, значна павялічыліся яго памеры. Узведзены 3-нефавы зальны будынак з 5-граннай апсідай, зорчатымі скляпеннямі ў стылі позняй готыкі. Фасады падзелены шматлікімі радамі тонкіх ветыкальных калон-лапатак, якія ў верхняй частцы пераходзяць ў пояс са спічастых арак. Вуглы будынка ўзмоцнены 6-граннымі контрфорсамі. Падлога з тоўстых квадратных і фігурных паліваных і непаліваных плітак (таўшчыня 4-5 см). У 17 стагоддзі храм быў пакрыты паліванай зялёнай і светла-карычневай дахоўкай. Апошні рамонт яго зроблены ў канцы 19 стагоддзя. Помнік рэспубліканскага значэння.

"Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік", Мінск 1993, стар. 358

(Інфармацыю знайшоў Чувак А.А.)