2007.06
- Гістарычны агляд:
- Помнік царкоўнай архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Свята-Петрапаўлаўская царква пабудавана на высокім штучным плато на месцы разабранага касцёла пасярод мястэчка Моўчадзь і пануе ў навакольнай забудове.
Царкоўны пагост адасоблены бутавай агароджай з чатырохслуповай брамай і старымі пасадкамі клёна. Храм пабудаваны ў 1880 г. па тыпавым праекце, дапрацаваным і “прывязаным” архітэктарам Ціхвінскім ў 1869-1873 гг.
Падрадчыкамі выступалі купцы Нахман Буткоўскі, Шыман Скідзельскі і Абрам Прэхнер, з іх жа было спагнана на гэтыя мэты 2475 рублёў з-за неплацежаздольнасці прыхаджан і шэрагу неўраджаяў і падзяжу жывёлы.
Белакаменная царква ўяўляе сабой кананічны чатырохчасткавы храм: званіца, трапезная, малітоўная зала, апсіда. У падоўжана-восевай сіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі дамінуе трох’ярусная (два васьмерыкі на чацверыку) званіца з шатровым верхам і цыбулепадобнай галоўкай (два званы былі з былога касцёла). Асноўны кубападобны аб’ём пад чатырохсхільным дахам увянчаны маляўнічым пяцікупаллем (цыбулепадобныя галоўкі на васьмігранных барабанах), апяразаны карнізам у выглядзе падугі з дзвюма цягамі-выкружкамі. У інвентарным вопісе 1873 г. адзначана, што купалы былі бляшанымі і завяршаліся пазалочанымі шарамі і чыгуннымі крыжамі. Прамавугольны ў плане прытвор і бакавыя прыдзелы аформлены па франтальных фасадах кілепадобнымі франтонамі на кароткіх пілястрах, маюць глыбокія ўваходныя арачныя парталы з кілепадобнымі франтонамі. Кілепадобнымі ліштвамі аформлены і арачныя аконныя праёмы – высокія адзінарныя ў асноўням аб’ёме і паўкруглай апсідзе і строеныя ў трапезнай. Сцены храма традыцыйна выкладзены з мясцовага бутавага каменю, а элементы архітэктурнага дэкору выведзены з цэглы. Перакрытая плоскай столлю малітоўная зала аддзелена ад апсіды трох’ярусным пабеленым і пазалочаным іканастасам на 13 абразоў, выкананых алеем і ўстаўленых у залачоныя рамы. Іканастас, крыжы, аконныя краты, шкляныя і сталярныя работы выкананы варшаўскім мешчанінам-яўрэем Абрамам Прэхнерам, які пражываў у Слоніме па кантракце ад верасня 1871 г.
Згодна з апісаннем 1897 года настаяцелем храма з 6 снежня 1843 года быў Венядыкт Качаноўскі. Пры царкве было царкоўна-прыходскае папячыцельства, 5 царкоўных школ: у Белалозах, Кузявічах, Саўцэвічах, Харашоўцы і Ярашове з 144 навучэнцамі хлопчыкамі і 14 дзяўчынкамі. Мелася народнае вучылішча ў Моўчадзі са 112 навучэнцамі хлопчыкамі і 18 дзяўчынкамі.
Пры царкве мелася прыпісная драўляная могілкавая Свята-Крыжаўзвіжанская царква ў Моўчадзі з драўлянай званіцай. Царква была пабудавана ў 1800 землеўладальнікам Валовічам. Паблізу з агароджай і дарагай мелася капліца з вялікай іконай прападобнага Антонія Кіева-Пячорскага.
Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён. Мінск, Белта, 2000, стар 642-643.
Гродненский православно-церковный календарь. Православие в Брестско-Гродненской земле в конце XIX века, издание второе, Воронеж 1899г.
(Інфармацыю знайшоў Чувак А.А.)
- Адрас
- 225340 Брэсцкая вобласць, Баранавіцкі раён, в.Моўчадзь
- Епархія
- Пінская
- Благачынне
- Баранавіцкае
- Архітэктар
- Ціхвінскі
- Від будаўніцтва
- першапачаткова праваслаўны будынак (пабудова)
- Тыпалогія храма
- прыходская царква (вясковая)
- Стан храма
- дзейнічае
- Будаўнічы матэрыял сцен
- мураваны
- Год пачатку будаўніцтва
- 1869
- Год сканчэння будаўніцтва
- 1873
- Стагоддзе пачатку будаўніцтва
- 19
- Стагоддзе сканчэння будаўніцтва
- 19
2015
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта, калі ласка, спасылайцеся на drevlehranitel.by і аўтараў. Лепшы хосцінг hoster.by