Браслаў. Свята-Успенская царква
2007.07
Гістарычны агляд:

Царква ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы


Побач з Замкавай гарой. Пабудавана ў 1897 г. з цэглы.


У некаторых дакументах згадваецца царква св. Варвары і жаночы праваслаўны манастыр на Замкавай гары, якія былі заснаваны тут у пачатку 16 ст. (пасля 1506) княгіняй Аленай, жонкай вялікага князя літоўскага і польскага караля Аляксандра, дачкой маскоўскага і ўладзімірскага князя Івана III. З 1500 г. вядомы праваслаўны мужчынскі манастыр на востраве воз. Неспіш. Паводле інвентара 1554 г. ў горадзе па вул. Вялікай, што ўздоўж воз. Дрывяты, размяшчалася царква. З-за пажару ў 1850-я гг. Замкавая гара страціла ўсе старажытныя пабудовы і набыла выгляд, блізкі да сучаснага. Праваслаўная царква зноў паўстала тут у 17 ст., згарэла ў 1859 г. У 1861 г. пабудавалі новую драўляную царкву. Пазней яе перанеслі на могілкі.


Помнік архітэктуры сінадальнага накірунку рэтраспектыўна-рускага стылю. Складаецца з кубічнага аб'ёму малітоўнай залы, 5-граннай апсіды з бакавой рызніцай, трапезнай і 2-яруснай (васьмярык на чацверыку) званіцы- прытвора. 4-схільны дах асноўнага аб'ёму завершаны 5-купаллем на 8-гранных барабанах, званіца — гранёным шатром з макаўкай. Галоўны арачны ўваходны праём аформлены масіўным парталам з кілепадобнай прафіляванай аркай на калонах-дыньках. Такімі ж парталамі аформлены бакавыя ўваходы, арачныя прасветы яруса-звона званіцы. Фасады расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі з калонкамі-дынькамі, насычаны архітэктурнай крапоўкай: вуглавыя руставаныя лапаткі, прафіляваныя цягі і карнізы з сухарыкамі, прамавугольныя панэлі, арачныя нішы.


Унутры плоская столь па цэнтры адкрыта 8-гранным барабанам з шатровым купалам, які трымаецца на 4 слупах. Апсіда адкрыта вялікай аркай і вылучана 3-ярусным іканастасам. Сцены афарбаваны ў зялёны колер з белай і бдакітнай арнаментальна-трафарэтнай размалёўкай. Абразы (перавезены з закрытай царквы ў г.п. Друя Браслаўскага р-на): «Святы Мікалай», «Апосталы», «Благавешчанне», «Пакланенне вешчуноў», «Стрэчанне», «Успеніе» (усе 18 ст.), «Архангел Міхаіл», «Маці Божая з дзіцем», «Святы Мікалай», «Спас Пантакратар» (усе 19 ст.).


Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007.