Дольная Рута. Царква ў гонар Усіх Святых
2007.05
Гістарычны агляд:
Царква ў гонар Усіх Святых, в. Дольная Рута, Карэліцкі раён.
Яшчэ больш самабытна праблема сінтэзу традыцыйнага тыпу храма і формаўтвараючага пачатку канструкцый, які ўжо ў XX ст. разумелі і як паўнавартасны элемент эстэтызацыі, выявілася ў праваслаўным будаўніцтве. Яскравым прыкладам удалай стылізацыі візантыйскіх форм і рацыянальнага выкарыстання якасцей новых матэрыялаў можа служыць царква ў в. Дольная Рута Карэліцкага раёна. Гэта вельмі цэльны па задуме помнік дойлідства, царква Усіх Святых, пабудаваны ў 1935 г. Тут канструктыўная логіка прататыпу з’явілася асновай прасторавай кампазiцыі. У той жа час мастацкі вобраз храма сфармiраваны на падставе чыстых пласкасных аб’ёмаў, якія ствараюць дынамічную ўзаемасувязь паасобных проста чытаемых форм.
Аднанефавая, зальнага тыпу бажніца перакрытая вальмавай страхою з цыбулепадобным шматгранным купалам на васьмерыку. Над бабінцам – аднаярусная званіца з шатровым завяршэннем, ушчыльную да якога прыстаўленыя яшчэ чатыры дэкаратыўныя купалкі-макаўкі. Такая трактоўка артадаксальнага ≪пяціглавія≫, перанесенага з асноўнага аб’ёму на званіцу, зусім не традыцыйная. Аднак руплівая прапрацоўка пучка макавак рэзка кантрастуе з простымі кубічнымі аб’ёмамі ўсяе царквы, ствараючы сваеасаблівы кантрапунктны рытм, прымушаючы прастору гусцець, расцягвацца, вібраваць, ствараючы іерархічную сістэму фокусаў і субдамінантаў.
Да бабінца прымкнуты двухкалонны, мініяцюрны ў візуальным успрыманні порцік, які акцэнтуе галоўны ўваход у храм. Шырока вынесеныя прыступкі лесвіцы, моцна вынесены порцік ствараюць даволі самастойны модуль, пранікаючы ў атачаючае асяроддзе. Гэта сведчыць пра новыя ўзаемаадносіны архітэктурнага аб’екта з натуральным атачэннем. Пры жорсткай ўзаемасувязі элементаў будынку тут прасочваецца памкненне да ≪ўцягвання≫ ў іх знешняй прасторы.
Сцены царквы Усіх Святых прарэзаныя высокімі i шырокімі аконнымі атворамі (першапачаткова прамавугольнымі) у асноўным аб’ёме і некалькі меншымі ў сценах бабінца. Шырокія паўцыркульныя праёмы пяцігаловай званіцы падкрэсліваюць не толькі яе лёгкасць, якая супрацьпастаўленая ўсяму будынку, але і яе абсалютнае дамінаванне ў выглядзе царквы, настойваючы на асаблівасцях культавых традыцый праваслаў’я.
Царква ў ДольнайРуце – характэрны помнік культавага дойлідства, якiўяўляе сабою сiнтэз традыцыйных уяўленняў і новай пластычнай мовы канструктывізму.

(Сяргей Харэўскi, “Культавае дойлiдства Заходняй Беларусi 1915–1940 гг.”, Вільня 2008, стар. 90-91).

(Інфармацыю знайшоў Чувак А.А.)