Пачапава. Свята-Пакроўская царква
2010.05
Гістарычны агляд:

Аднапрастольная Свята-Пакроўская царква ў в. Пачапава пабудавана з мясцовага бутавага каменю ў 1867 г. на ўрадавыя сродкі (10 700 рублёў) і намаганнямі мясцовага святара. Царква была ўзведзена замест драўлянай царквы, пабудаванай ў 1770 годзе землеўладальнікам Корсакам. Пры храме мелася царкоўна-прыходская школа і прыпісная могілкавая царква. Храм – помнік рэтраспектыўна-рускага стылю. У плане вырашана падоўжаным крыжам, завершана цыбулепадобнымі галоўкамі над асноўным аб’ёмам і званіцай у франтоннай частцы. Бакавыя фасады раздзелены двума ярусамі вокнаў і ўваходнымі парталамі.


Царква была спалена партызанамі ў 1943 годзе, адноўлена ў пачатку 21 стагоддзя, дзякуючы нястомнай працы святара Пачапаўскага прыхода Георгія Сапуна і фундатараў.


Першае апісанне новазбудаванай, па фундацыі паноў Пачапаўскіх і паноў Корсакаў, драўлянай з бабінцам Свята-Мікалаеўскай царквы ў вёсцы Пачапава сустракаецца ў дакументах Візітаў уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680–1682 гг., што захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі.Святаром прыходу быў Рыгор Папроўскі. Прыход аб’ядноўваў 287 прыхаджан.


Згодна з апісаннем 1864 года ў сяле Пачапава мелася Свята-Пакроўская, трэцяга класа драўляная царква, пабудаваная ў 1770 годзе памешчыкам Корсакам. Пры ёй была багадзельня. Царкву наведвала 2177 вернікаў.


У апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі 1879 года згадваецца каменная Свята-Пакроўская царква, пабудаваная ў 1867 годзе. Царква была вырашана падоўжаным крыжам з адным глухім цыбулепадобным купалам і званіцай у франтоннай частцы. Дах шпіалтеровая, вокны размешчаны ў два рады, ніжнія з жалезнымі кратамі, мелася трое дзвярэй. Унутры царква мела драўляную падлогу, стены побелены, столь падшыта дошкамі. Новы драўляны іканастас быў пафарбаваны ў ружовы колер, з пазалочанымі карнізамі, рамамі і разьбою, складаўся з 11 абразоў размешчаных ў тры рады. На звоніцы было тры званы вагою ў 3, 1,5, і 0,5 пуда.На прыходскіх могілках размяшчалася прыпісная Свята-Мікалаеўская могілкавая царква.


У склад прыходу ўваходзілі вёскі Пачапава, Емельянавічы, Застарынне, Голевічы, Турневічы, Кудаўшчына, Пархімаўшчына, Амневічы, Гаранавічы, Ялуцавічы, Буйневічы, Казловічы, Сенічынята.


Настаяцелем храма быў Іаан Пачапаўскі (Ачапаўскі ?), студэнт семінарыі, рукапаложаны ў 1852 годзе. Пры царкве было заснавана царкоўна-прыходскае папячыцельства і штатнае народнае вучылішча.


Памятныя кніжкі Мінскай губерніі захавалі нам прозвішча яшчэ аднаго настаяцеля Свята-Мікалаеўскай царквы вёскі Пачапава: Мікалай Ачапаўскі (1889-1914) (даты пададзены па гадах выхаду Памятных кніжак Мінскай губерніі).


 


Царква ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы


У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1867 г. з бутавага каменю намаганнямі мясцовага святара. Адрэстаўрыравана ў пачатку 21 ст. Пры храме мелася царкоўна-прыходская школа і прыпісная могілкавая царква. Сярод бутавай агароджы 2-ярусная брама і вуглавая цыліндрычная вежачка.


Помнік рэтраспектыўна –рускага стылю. Кубападобны аб’ём малітоўнай залы завершаны 5-купаллем, расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі на 2 ярусы. Праз кароткую трапезную далучаны папярочны 2-ярусны прытвор, над якім узведзена 4-гранная шатровая званіца з макаўкай. Да алтарнага фасада далучана прамавугольная апсіда з акруглай экседрай, накрытая 2-схільным дахам з макаўкай. Цэнтральны ўваход вырашаны 4-калонным ганкам пад 2-схільным пакрыццём, бакавыя – накладнымі пілястравыміпарталамі і трохвугольнымі франтонамі. На фоне паліхромнай бутавай муроўкі сцен вылучаны атынкаваныя элементы дэкору: ліштвы аконных праёмаў, вуглавыя лапаткі, між’ярусныя паясы.


 


Свята-Мікалаеўская царква ў в. Пачапава Баранавіцкі раён.


Царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца. На могілках. Пабудавана ў 1838 г. з дрэва.


Твор народнага дойлідства. Адназрубная прамавугольная ў плане пабудова, якая пераходзіць у 3-гранную апсіду, 2-схільны дах над якой пераходзіць у вальмавы, завершаны над трохвугольным франтонам шатровай вежачкай. Гарызантальна ашаляваныя фасады прарэзаны 4 прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Уваход арганізаваны праз нізкі прытвор. У інтэр’еры апсіда вылучана іканастасам.


 


Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён. Мінск, Белта, 2000, стар 643.


«Візіты уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680 – 1682 гг.» / Укладальнік Д.В.Лісейчыкаў. – Мінск: І.П.Логвінаў, 2009. – 270 с., стар. 113-114.


Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007. – стар. 317-318.


Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии Архимандритом Николаем, Санкт-Петербург, 1864, Новогрудский уезд, стар. 202-213.


Описание церквей и приходов Минской епархии, Минск, 1879.


Памятныя кніжкі Мінскай губерніі на 1883, 1889, 1891, 1893, 1895, 1898, 1900, 1902, 1905, 1907, 1908, 1910, 1912, 1913, 1915 гады.


 (Інфармацыю знайшоў Чувак А.А.)