Вялікія Лукі. Свята-Георгіеўская царква
2010.05 Фота Арабея В.
Гістарычны агляд:

Царква ў імя святога велікамучаніка Георгія Перамоганосца.


У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1923-26 гг. з дрэва на месцы драўлянага храма 2-й палавіны 19 ст., у пачатку 21 ст. абкладзена сілікатнай цэглай.


Вырашана прамавугольным ў плане аб’ёмам пад вальмавым крыжовым дахам, завершаным па цэнтры 4-гранным шатровым светлавым барабанам. Да фасада далучаны прамавугольны прытвор, да алтарнай сцяны – прамавугольная апсіда з бакавой рызніцай. Сцены расчлянёны вялікімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі, умацаваны вуглавымі і прасценачнымі лапаткамі.


Першае апісанне драўлянай царквы ў вёсцы Лукі сустракаецца ў дакументах Візітаў уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680–1682 гг., што захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі.Святаром прыходу быў Якаў Радзевіч. Прыход аб’ядноўваў 540 прыхаджан.


Згодна з апісаннем 1864 года ў сяле Лукі мелася Свята-Георгіеўская, чацьвёртага класа драўляная царква, пабудаваная ў 1779 годзе рыма-каталіцкім біскупам Касакоўскім. Пры царкве было 2366 прыхаджан.


У апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі 1879 года згадваецца драўляная Свята-Георгіеўская царква, пабудаваная ў 1770 годзе на сродкі рыма-каталіцкага біскупа Касакоўскага. Царква была вырашана падоўжаным прамавугольнікам з адным глухім цыбулепадобным купалам у франтоннай частцы. Дах гонтавы, вокны размешчаны ў адзін рад, дзвярэй двое. Унутры царква мела драўляную падлогу, столь падшыта дошкамі. Новы іканастас з калонамі быў пафарбаваны ў белы колер, з пазалочанымі карнізамі, рамамі і разьбою, складаўся з 14 абразоў размешчаных ў два рады. На звоніцы, пабудаванай асобна ад царквы, было пяць званоў вагою ў 20, 5, 2, 1 і 1/2 пуда.


Настаяцелем храма быў Сілуян Кахановіч, рукапаложаны ў 1865 годзе. Пры царкве было заснавана царкоўна-прыходскае папячыцельства і штатнае народнае вучылішча.


У склад прыходу ўваходзілі вёскі Вялікія Лукі, Малыя Лукі, Волька, Малое Гарадзішча, Рагізніца, Багушы, Млынок, Валахва, Русіны, Грабавец.


Памятныя кніжкі Мінскай губерніі згадваюць прозвішча святара Свята-Георгіеўскай царквы вёскі Вялікія Лукі Сілуяна Кахановіча да 1914 года ўключна.


 


Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007. - 103 с.


«Візіты уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680 – 1682 гг.» / Укладальнік Д.В.Лісейчыкаў. – Мінск: І.П.Логвінаў, 2009. – 270 с., стар. 128.


Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии Архимандритом Николаем, Санкт-Петербург, 1864, Новогрудский уезд, стар. 202-213.


Описание церквей и приходов Минской епархии, Минск, 1879.


Памятныя кніжкі Мінскай губерніі на 1883, 1889, 1891, 1893, 1895, 1898, 1900, 1902, 1905, 1907, 1908, 1910, 1912, 1913, 1915 гады.


 (Інфармацыю знайшоў Чувак А.А.)