- Гістарычны агляд:
ВЕРХНЯДЗВІНСК. ЦАРКВА СВЯТОГА МІКАЛАЯ Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваная ў 1819 г. з цэглы ў г. Верхнядзвінск. Храм падоўжна-восевай чатырохчасткавай кампазіцыі: званіца, трапезная, асноўны аб’ём, апсіда. Квадратны ў плане асноўны аб’ём завершаны высокім буйнамаштабным цыліндрычным барабанам са сферычным купалам і галоўкай у завяршэнні. У сілуэце храму дамінуе трох'ярусная чацверыковая званіца з шатровым пакрыццём. Плоскасныя фасады расчлянёныя арачнымі аконнымі праёмамі, крапаваны кутнімі лапаткамі і апяразаны прафіляваным карнізам. Стрыманы дойлідны дэкор абмежаваны простымі ліштвамі акон і сандрыкамі з замковым каменем, поясам сухарыкаў на барабане, балюстраднай нішай званіцы. У інтэр’еры пануе падкупальная прастора светлавога барабану ветразевай опорнай канструкцыі. Скляпеністая трапезная і апсіда з конхай расчыненыя ў залу шырокімі арачнымі прасветамі. Інтэр’ер быў аздоблены арнаментальнай размалёўкай (не захаваўся). Царква дзейнічае. А.М. Кулагін http://szlachta.io.ua/s210577/doylidstva_belarusi._chastka_2_v-gnezna
г. Верхнядзвінск
Віцебскай вобласці
Царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца
На вул. Гагарына. Пабудавана ў 1819 г. з цэглы. У 1895 г. адзначана як сабор' ; да яго была прыпісана могілковая драўляная Барыса-Глебская царква.
Помнік архітэктуры класіцызму. Кананічную 4-часткавую аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю складаюць прытвор-званіца, трапезная, малітоўная зала, паўкруглая апсіда. У сілуэце дамінуе 3-ярусная чацверыковая званіца, завершаная невысокім шатром; ярусы вылучаны прафіляванымі карнізамі, прарэзаны арачнымі праёмамі, крапаваны вуглавымі пілястрамі. Над прамавугольным у плане асноўным аб'ёмам узведзены магутны цыліндрычны светлавы барабан з паўсферычным купалам, завершаным невялікім купалком на цыліндрычнай шыі.
Плоскасныя сцены крапаваны вуглавымі пілястрамі, расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў прафіляваных ліштвах з замковым каменем. Аб'ёмы апяразаны прафіляваным карнізам на сухарыках.
Прастора малітоўнай залы павялічана высокім светлавым барабанам, у яе шырокімі арачнымі прасветамі адкрываюцца памяшканні трапезнай і апсіды. Сцены і скляпенні ў інтэр’еры пакрыты алейнай фарбай некалькіх таноў з трафарэтным малюнкам, купал пабелены.
Абразы «Евангелісты Матфей і Лука» (18 ст.), «Ражджаство Маці Божай» (канец 18 ст.), «Маці Божая Вастрабрамская» (19 ст.).
----------------------------------------------------------
' РДГА, фю 799, воп. 33, спр. 1465, арк. 10.
Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007.
- Адрас
- 211620 Віцебская вобласць, г. Верхнядзвінск
- Епархія
- Полацкая
- Благачынне
- Верхнядзвінскае
- Архітэктар
- невядомы
- Від будаўніцтва
- першапачаткова праваслаўны будынак (пабудова)
- Тыпалогія храма
- прыходская царква (гарадская)
- Стан храма
- дзейнічае
- Будаўнічы матэрыял сцен
- мураваны
- Год сканчэння будаўніцтва
- 1819
- Стагоддзе сканчэння будаўніцтва
- 19
2015
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта, калі ласка, спасылайцеся на drevlehranitel.by і аўтараў. Лепшы хосцінг hoster.by