Мір. Свята-Троіцкая царква
2007.05
Гістарычны агляд:
Свята-Троіцкая царква, г.п. Мір, Карэліцкі раён.
Мірская Троіцкая царква, помнік архітэктуры 16-19 стагоддзяў. Пабудавана ў у г. п. Мір (Карэліцкі раён) паміж 1533-1550 гадамі як царква базыльянскага манастыра, перабудавана пасля пажару 1865 года ў рэтраспектыўна-рускім стылі. Мураваны 5-купальны храм падоўжана-восевай кампазіцыі ўключае амаль квадратны ў плане асноўны аб’ём, паўкруглую апсіду з рызніцай і прамавугольны бабінец, да якога ў 1870-я гады прыбудавана 3-ярусная вежа-званіца (васьмярык на 2 чацьверыках) з мураваным 1-м, драўлянымі 2-м і 3-м ярусамі, завершаная 8-гранным шатровым дахам з галоўкай на глухім барабане. Да пабудоў 1870-х гадоў адносяцца і 5 несапраўдных купалоў над асноўным аб’ёмам. Асноўны аб’ём накрыты 4-схільным дахам і мае ў завяршэнні дэкаратыўнае 5-галоўе. Апсіда накрыта паўавальным, бабінец – 2-схільным дахамі. Вокны круглыя і прамавугольныя з арачнымі завяршэннямі. Царква дзейніцае. Помнік рэспубліканскага значэння.

(“Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік”, Мінск 1993, стар. 347).

(Інфармацыю знайшоў Чувак А.А.)