Магілёў. Свята-Барыса-Глебская царква
2006.07
Гістарычны агляд:
МАГІЛЁЎ. БАРЫСАГЛЕБСКІЯ ЦЭРКВЫ

Помнікі дойлідства XIX ст. (зав. Брусава, 2). Комплекс складаецца з двух цагляных будынкаў. Першы ўзведзены ў XVII ст як жылы дом, у XIX ст. перабудаваны пад царкву (у літаратуры вядомая як Барысаглебская, у сапраўднасці называлася Крыжаўзвіжанская). Першапачаткова — аднапавярховы квадратны ў плане будынак, падзелены сцяной на два рознавялікія памяшканні, завяршаўся чатырохсхільным дахам. Меў рысы дэкору, характэрныя для XVII ст. (дэкаратыўны раслінны арнамент, які нагадваў беларускія матывы, фрэска на аўднёвай сцяне, шырокі карніз у верхняй частцы сцяны, які апяразвае па перыметры ўвесь будынак). У XIX ст. палавіна ўсходняй сцяны была пераробленая ў трохгранную апсіду, да заходняй сцяны была прыбудаваная двух’ярусная званіца з шатровым дахам і цыбулепадобнай галоўкай. На вільчыку быў узведзены галоўны драўляны барабан (васьмярык на чацверыку). Перабудова набыла рысы псеўдарускага стылю.

Другая царква ўзведзеная ў 1869 г. шасцістаўповы трохнефавы крыжова-купальны храм. У дойлідска-стылявой трактоўцы спалучаныя рысы класіцызму (руставаныя пілястры па вуглах, прафіляваны карніз асноўнага аб’ёму) і маскоўскага культавага дойлідства XVII ст. (пяцікупалле, кілепадобныя завяршэнні закамараў і парталаў, абрыс ліштваў акон).

Цэрквы дзейнічаюць.

Г.А. Лаўрэцкі

http://szlachta.io.ua/s210970/doylidstva_belarusi._chastka_4_l-mensk._mehanichny_zavod