Цялядавічы. Свята-Троіцкая царква
2006.04
Гістарычны агляд:

ЦЯЛЯДАВІЧЫ. ЦАРКВА СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ Помнік драўлянага дойлідства з элементамі класіцызму. Пабудаваная ў 2-й палове XVIII ст. на заходняй ускраіне в. Цялядавічы (Капыльскі р-н) як касцёл. На рубяжы XVIII—XIX стст. пераабсталяваны пад царкву (у 1910 г. абноўленая шалёўка і дэкаратыўныя элементы). Царква дзвюхвежавая, зальнага тыпу. Васьмігранная званіца з высокім шатром і галоўкай над франтонам, відаць, была пастаўленая ў час перабудовы, як і пяцігаловае завяршэнне храму. Двухсхільны дах, прарэзаны люкарнай, пераходзіць над пяціграннай алтарнай часткай у вальмавы і стварае па баках апсіды застрэшкі. Па ўсім перыметры будынку — карніз, пад ім фрыз у выглядзе аркатурнага поясу. Сцены гарызантальна ашаляваныя і раўнамерна расчлянёныя ступеньчатымі пілястрамі. Вялікія прастакутныя аконныя праёмы акаймаваныя ліштвамі са ступеньчатымі сандрыкамі і скразной разьбой у ніжняй частцы. Пад вокнамі — цягі з ромбападобным арнаментам. Невялікія круглыя вокны ў тыльнай частцы будынку прызначаны для асвятлення размешчаных па баках апсіды сакрысцій. У дэкоры інтэр’еру выкарыстаныя пілястры, карніз, аркатура і інш. Перакрыцце зальнай часткі люстранае, іншых памяшканняў — падшыўная плоская столь. Карнізы і пілястры размаляваныя пад светлы мармур. Над уваходам размешчаныя хоры. У 1987—88 гг. заменены дах, будынак пафарбаваны звонку. Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння. Л.А. Міцянін http://szlachta.io.ua/s211284/doylidstva_belarusi._chastka_6_r-ya