Пустынкі. Свята-Успенскі сабор
2006.09
Гістарычны агляд:
ПУСТЫНКІ. УСПЕНСКІ МАНАСТЫР

Помнік дойлідства XVIII—ХІХ стст. Размешчаны за 2 км на поўдзень ад в. Пустынкі (Мсціслаўскі р-н). Заснаваны ў 1380 г. У пачатку XVII ст., у канцы XVIII — ХІХ стст. перабудаваны. Комплекс уключае Успенскі сабор, манастырскі корпус з царквой, званіцу, школу, капліцу, две гаспадарчыя пабудовы і тры жылыя дамы. Займае значную тэрыторыю, абнесеную з поўдня і захаду цаглянай сцяной, з поўначы — пасадкамі дуба, ліпы, асіны, з усходу — ровам, за якім размешчана штучная сажалка. Ад брамы да манастырскага корпусу і сабору вядзе пад’язная ліпавая алея.

Успенскі сабор (захаваўся часткова) пабудаваны ў 1-м дзесяцігоддзі ХІХ ст. з цэглы. У дойлідстве выкарыстаныя элементы барока. Уяўляе сабой трохнефавую базіліку з прастакутнай апсідай. У сярэдзіне ХІХ ст. над сяродкрыжжам узведзены купал на светлавым барабане (не захаваўся). Галоўны фасад храму мае трохчасткавую будову. Цэнтральная частка крапаваная плоскімі пілястрамі з іанічнымі капітэлямі, завершаная трохкутным франтонам. Фасад быў фланкіраваны вежамі (не захаваліся). Цэнтральны і бакавыя ўваходы завершаныя трохкутнымі франтончыкамі. Багатая пластыка пабудовы абумоўленая крапоўкай фасадаў і кутоў апсіды пілястрамі, лучковымі нішамі, якія аздоблены ліштвамі з замковым каменем. Алтарная частка вылучаная чатырма трохчвэртнымі калонамі на масіўных пастаментах. У заходняй частцы над нартэксам размешчаныя хоры.

Манастырскі корпус пабудаваны на рубяжы XVIII—ХІХ стст. з цэглы, мае элементы класіцызму. Двухпавярховы Г-падобны ў плане будынак складаецца з двух злучаных паміж сабой аб’ёмаў. Адзін з іх мае сіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, цэнтрам якой з’яўляецца аднанефавая крыжова-купальная царква з высокай паўкруглай апсідай. Галоўны фасад царквы вылучаны глыбокім рызалітам, завершаным трохкутным франтонам. У рызаліце размешчаны партал цэнтральнага ўвахода, аформлены калонамі і высокім мураваным ганкам. Над прытворам узвышалася вежа, над сяродкрыжжам — масіўны барабан з купалам (не захаваліся). Бакавыя крылы сіметрычна прылягаюць да аб’ёму царквы, асветленыя прастакутнымі вокнамі на першым і лучковымі на другім паверхах. Званіца пабудаваная ў 2-й палове ХІХ ст. з цэглы. Размешчаная на адной восі з саборам, перад яго цэнтральным уваходам. Уяўляе сабой высокую пяціярусную пабудову, завершаную шпілем (не захаваўся). Першы (самы масіўны ярус) прастакутны ў плане, дэкарыраваны з усходнягя і заходняга фасадаў рызалітамі. Другі і наступныя ярусы васьмігранныя. У пабудове выкарыстаныя элементы псеўдарускага стылю.

Школа пабудаваная ў 2-й палове ХІХ ст. з цэглы. Двухпавярховы прастакутны ў плане будынак накрыты вальмавым дахам. Да яго з тарцоў далучаныя два аб’ёмы, пабудаваныя ў пачатку ХХ ст. Фасады крапаваныя па кутах руставанымі лапаткамі. Капліца пабудаваная ў 2-й палове ХІХ ст. з цэглы. Размешчаная ва ўсходняй частцы комплексу, непадалёку ад штучнай сажалкі. Уяўляе сабой невялікі аднанефавы храм сіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі з паўкруглай апсідай. Фасады храму крапаваныя прафіляванымі лапаткамі.

Тры жылыя дамы будаваліся адначасова з гаспадарчымі пабудовамі. Маюць прастакутныя рознавялікія планы, будова фасадаў сіметрычная. У дэкоры выкарыстаныя лапаткі (па кутах) і аркатурныя паясы.

Стайня пабудаваная ў 2-й палове ХІХ ст. Аднапавярховы цагляны П-падобны ў плане будынак. Паверхня сцен крапаваная пілястрамі. У дэкоры выкарыстаны аркатурны пояс, які праходзіць пад карнізам.

Свіран пабудаваны ў 2-й палове ХІХ ст. з цэглы. Прастакутны ў плане, накрыты вальмавым дахам. Па перыметры пад карнізам праходзіць аркатурны пояс.

Пасля ІІ Сусветнай вайны тут размяшчаўся дзіцячы дом, потым школа, брыгада саўгасяу (да 1988). Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.

А.Ю. Пятросава

http://szlachta.io.ua/s211163/doylidstva_belarusi._chastka_5_mensk._metrapaliten-pyaredzelki