Малыя Ляды. Свята-Дабравешчанская царква
2006.05
Гістарычны агляд:

ЛЯДЫ. ДАБРАВЕШЧАНСКІ МАНАСТЫР Помнік дойлідства барока Пабудаваны ў 2-й палове XVIII — 1-й палове XIX ст. ў в. Ляды (Смалявіцкі р-н). Уключае царкву Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы і жылы корпус. Царква пабудаваная ў 1794 г. з цэглы. Трохнефавы храм з прастакутнай апсідай, накрыты двухсхільным дахам. Да алтарнай часткі прыбудаваныя две прастакутныя сакрысціі. Галоўны фасад па гарызанталі падзелены прафіляванымі карнізамі, па вертыкалі — пілястрамі і завершаны фігурным атыкавым франтонам з валютамі. Плоскасці паміж пілястрамі прарэзаныя высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі. Цэнтральная частка вылучаная парталам галоўнага ўваходу і здвоеным акном. Бакавыя фасады дэкарыраваныя плоскімі пілястрамі, франтонамі і нішамі. Унутраная прастора падзеленая на нефы чатырма квадратнымі ў плане слупамі. Цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, бакавыя нефы — крыжовымі скляпеннямі. Сцены раскрапаваныя пілястрамі і паўкалонамі карынфскага ордэру ў барочнай інтэрпрэтацыі. Над уваходам — хоры на круглых слупах. Сцены бакавых нефаў і алтарнай часткі дэкарыраваныя размалёўкай, выкананай у тэхніцы грызайль. Жылы корпус пабудаваны з цэглы ў 1811—50 гг. Аднапавярховы будынак Г-падобны ў плане, накрыты двухсхільным дахам. Галоўны ўваход абрамлены высокім мураваным ганкам. Цокальны паверх вылучаны гарызантальнай цягай, якая ідзе па ўсім перыметры будынку. Тоўстыя сцены прарэзаныя прастакутнымі аконнымі праёмамі. Фасады дэкарыраваныя лапаткамі, філёнгавымі нішамі, рустам і завершаны карнізам. Планіроўка галерэйная. Памяшканні ў цокальным паверсе перакрытыя крыжовымі скляпеннямі. Царква не дзейнічае, у манастыры — школа. Помнік рэспубліканскага значэння. В.М. Ладзіс http://szlachta.io.ua/s210970/doylidstva_belarusi._chastka_4_l-mensk._mehanichny_zavod