Новы Свержань. Свята-Успенская царква
2006.04
Гістарычны агляд:

НОВЫ СВЕРЖАНЬ. ЦАРКВА ЎСПЕННЯ ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ Помнік дойлідства ранняга барока. Заснаваная ў 1590 г. у в. Новы Свержань (Стаўбцоўскі р-н), у пачатку XVII ст. перабудаваная як уніяцкая. Уяўляе сабой мураваны аднанефавы аднавежавы храм (у плане — выцягнуты прастакутнік) з прастакутнай апсідай і дзвюма нізкімі рызніцамі па баках. Над вузкім прастакутным бабінцам узвышаецца масіўны чацвярык вежы, накрыты гранёным купалам і аздоблены вертыкальна выцягнутымі плоскімі паўцыркульнымі нішамі, якія імітуюць вокны. Вянчае вежу фігурная барочная галоўка. Сцены царквы ў верхняй частцы расчлянёныя паўцыркульнымі вокнамі з раструбамі ў абодва бакі. Адзіны дэкаратыўны элемент фасаду — партал бакавога заходняга ўваходу. Інтэр’ер зальнага тыпу. У паўночнай частцы асноўнага аб’ёму вылучаны бабінец з двума бакавымі ўваходамі. Хоры падтрымліваюцца дзвюма драўлянымі калонкамі. Перакрыцце бэлечнае з плоскай падшыўной столлю. Уваход з паўночнага боку. Алтарная частка перабудаваная ў ХІХ ст. Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння. У.В. Трацэўскі http://szlachta.io.ua/s211163/doylidstva_belarusi._chastka_5_mensk._metrapaliten-pyaredzelki