Орша. Свята-Троіцкая царква
2010.08
Гістарычны агляд:
Аршанскі Куцеінскі манастыр у гонар Богаяўлення (вул. Ф.Скарыны, 79). Заснаваны ў 1623 г. як праваслаўны мужчынскі манастыр на землях, ахвяраваных шляхецкім родам Сцяцкевічаў. Размешчаны ў Куцейне — паўночна-заходняй ускраіне Оршы ў сутоках рэк Дняпро і Куцеінка. Драўляны Богаяўленскі сабор пачаў будавацца ў 1623, асвячоны ў 1635 г. мітрапалітам Пятром Магілам. Быў пяцікупальным, са шмат`ярусным разным іканастасам. Сцены ўпрыгожвалі роспісы з выявамі 38 сюжэтаў Новага Запавета. Сабор меў два паверхі і склеп-пахавальню.

Манастырскі храм у гонар Святой Троіцы [4]Другая царква, у гонар Святога Духа, узведзеная ў першай палове 17-га ст., таксама была драўлянай, двухпавярховай. Пасля рэканструкцыі 1868 г. была пераасвячона ў гонар Святой Троіцы.

Пры манастыры працавалі школа для дзяцей прыхаджан, шпіталь, а таксама арцель мастакоў-іканапісцаў, якія мелі тут сваю школу. У 1630 г. беларускі асветнік і кнігадрукар Спірыдон Собаль заснаваў пры манастыры друкарню. Тут ён выдаў: “Брашно духовное” (1630), ”Буквар”, “Малітваслоў” (1631), “Часаслоў” (1632), “Новы Закон з псалтыром” (1632) і інш. У 1655 г. у час вайны друкарня была перавезена ў Расію, у Іверскі манастыр пад Ноўгарадам. Богаяўленскі сабор згарэў ад удару маланкі ў 1892 г.

На тэрыторыі манастыра быў старажытны пячорны манастыр і царква. Знайшлі яго манахі ў 1910—1912 гг. Вялікая пячора мела 11 кв. м., а таксама шмат нішаў і падземных пераходаў. Быў знойдзены драўляны крыж, замацаваны камянямі. Другі раз пячоры даследаваліся ў 1926 г. Інбелкультам, выяўлены два калідоры, шматлікія пячоры і нішы. Быў зняты план і надрукаваны ў часопісе “Наш край”. Цяпер пячоры засыпаны.

Манастыр дасягнуў росквіту ў першай палове 17-га ст., меў статус лаўры, яму падпарадкоўваліся манастыры на беларускіх і часткова літоўскіх землях. У час руска-польскай вайны 1654—1667 гг. загадам патрыярха Нікана частка браціі, кнігадрукары і рамеснікі пераведзены ў Валдайскі Іверскі манастыр. З больш чым 200 насельнікаў тут засталося толькі 60. Манастыр быў разграблены французскім войскам у 1812 г. Закрыты пасля 1917. Захаваліся царква ў гонар Святой Троіцы, манастырскі будынак, частка сцяны. Манастыр адроджаны ў 1992 г. У 1998 г. на сцяне манастырскага храма ўстаноўлена памятная дошка ў гонар друкара Спірыдона Собаля (скульптар І. Голубеў).

http://sppsobor.by/bractva/vilna/publish/belcalendar/9720/print/