Астрамечава. Свята-Міхайлаўская царква
2008.05
Гістарычны агляд:

Царква ў імя святога архангела Міхаіла


У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1846 г. з бутавага каменю і цэглы, абнесена цаглянай агароджай.


Помнік архітэктуры з рысамі стылю позняга класіцызму. Тры простыя 4-сценныя аб'ёмы аб'яднаны ў падоўжна-восевую кампазіцыю. Сцены акантаваны і расчлянёны атынкаванымі і пабеленымі плоскімі і руставанымі лапаткамі, прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах. Новая стылёвая арыентацыя на формы старажытнарускага дойлідства праявілася ў надбудове над прытворам 8-граннага яруса шатровай званіцы з цыбулепадобнай галоўкай у завяршэнні. Такая ж галоўка па цэнтры вільчыка вальмавага даху. Гэты стылёвы сімбіёз надае архітэктуры храма пераходны эклектычны характар. Да прамавугольнага ў плане асноўнага аб'ёму з усходу далучана 3-сценная апсіда. У перакрытую плоскай бэлечнай столлю малітоўную залу выступаюць хоры з дэкаратыўнай разной агароджай.


Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007.