Брэст. Кафедральны сабор у імя святога Сімяона Стоўпніка
2008.05 Фота: Арабей В.
Гістарычны агляд:

Помнік дойлідства рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудаваная ў 1865 г. (вул. К. Маркса). Храм цэнтрычнай пяцікупальнай кампазіцыі: да кубападобнага асноўнага аб’ёму па восі захад — усход прымыкаюць прытвор з лесвіцай на хоры і званіцу і паўкруглая апсіда. У кампазіцыйнай структуры і дэкаратыўнай пластыцы асноўнага аб’ёму выкарыстаныя прыёмы класіцызму (ордэрная сістэма, трохкутныя франтоны, высокі прафіляваны карніз і філёнгавы фрыз, гранітны цокаль), у завяршэнні — формы маскоўскага дойлідства сярэдзіны XVII ст. (кілепадобныя какошнікі ў аздабленні праёмаў, цэнтральны і кутнія васьмігранныя барабаны, цыбулепадобныя галоўкі, шатры). Дробныя формы завяршэння кантрастуюць з буйнымі прапорцыямі асноўнага аб’ёму, прастора інтэр’еру падзелена слупамі на тры нефы з цыліндрычнымі і крыжовымі скляпеннямі, размаляванымі паліхромным арнаментам. Галерэя хораў злучаная з нефам шырокім арачным праёмам. Г.А. Лаўрэцкі http://szlachta.io.ua/s210361/doylidstva_belarusi._chastka_1_a-byaroza (Інфармацыю знайшоў Чувак А.А.)


 


На вул. К.Маркса і вул. Маскоўскай. Пабудаваны ў 1861-64 гг. з цэглы паводле праекта брэсцкага гарадскога архітэктара В.Палікарпава'. У 1886 г. капітальна адрамантаваны пад наглядам акадэміка архітэктуры В.І. Чагіна''. У 1988 г. адноўлены. У сярэдзіне верасня 1995 г. сабор наведаў патрыярх Маскоўскі і ўсея Русі Аляксій II.


Упамінанне пра кафедральную царкву і манастыр у горадзе адносіцца да 14 ст. Тут былі пахаваны мошчы прападобнага ігумена Афанасія Філіповіча (захоўваліся да 1915), закатаванага ў 1684 г.''' Першы праект будаўніцтва зацверджаны ў 1846 г. На таргах падрада на будаўніцтва храма не знайшлося пакупнікоў, у сувязі з чым было вырашана весці работы гаспадарчым спосабам у межах вылучанай урадам сумы. Гэта прымусіла значна спрасціць праект, які паводле даклада генерал-ад'ютанта графа Клейнміхеля зноў быў зацверджаны 15.4.1854 г.


Помнік архітэктуры руска-візантыйскага стылю. Будынак цэнтрычнай крыжовай у плане кампазіцыі: магутны кубападобны аб'ём узнесены на высокі філёнгавы цокаль з ружовага граніту і завершаны 5-купаллем (у 1997 пакрыты сусальным золатам), сярод якога дамінуе магутны 8-гранны барабан. Уваход вырашаны кілепадобным перспектыўным парталам, над якім ніша такой жа формы з выявай Сімяона-стоўпніка. Фасады прарэзаны вузкімі арачнымі аконнымі праёмамі, апяразаны прафіляванымі карнізамі і філёнгавым парапетам з трохвугольнымі франтонамі.


У інтэр'еры светлавы барабан праз ветразі і 4 аркі абапіраецца на 4 магутныя пілоны. Прыдзелы, прытвор і апсіда перакрыты цыліндрычнымі і крыжовымі скляпеннямі. У залу шырокім арачным прасветам раскрываюцца хоры. Інтэр'ер дэкарыраваны трафарэтнай арнаментыкай. Апсіда вылучана шырокім арачным прасветам і драўляным іканастасам.


Абразы: «Аплакванне Хрыста» (аўтар Л.Грушэўскі, 1800) , «Мроя святых Кірыка і Уліты»   і «Мроя святой Людмілы» (абодва 1-й чвэрці 19 ст.).  18.8.1997 г. ў саборы мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт асвяціў копію крыжа Ефрасінні Полацкай, выкананую брэсцкім мастаком М. Кузьмічом.


 


 


' НГАБ у г. Гродна , ф.8, воп. 1, спр. 1165, арк. 44 — 44 адв.;ф. 97, воп. 1, спр. 469, арк. 6.


'' НГАБ у г. Гродна, ф. 97, воп. 1, спр. 469, арк. 1. 14.


''' Реент И. Афанасиевские торжества в г. Бресте // Журнал Московской  патриархии. 1948. № 1. С. 73 — 74.


Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007.