- Гістарычны агляд:
Царква ў гонар Уваскрасення Гасподняга
На вул. Савецкай. Пабудавана ў 1854 г. з дрэва на месцы старой царквы за кошт уладальніка мястэчка памешчыка князя Юльяна Гедройца паводле заказанага ім плана, зацверджанага ў 1852 г.'
У 1866 г. перад царквой пастаўлена драўляная 2-ярусная каркасная званіца пад шатровым дахам з макаўкай у завяршенні. На могілках прыпісная цагляная капліца. Помнік народнага драўлянага дойлідства з рысамі класіцызму. Прамавугольная ў плане 1-зрубная пабудова накрыта 2-схільным дахам з вальмай над алтарнай часткай. Галоўны фасад вылучаны стылізаваным 4-калонным порцікам, над франтонам якога ўзвышаецца цыбулепадобны купал на 8-гранным светлавым барабане. Такая ж вежачка (меншага памеру) узведзена над апсіднай часткай. Вертыкальна ашаляваныя сцены рытмічна прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі ў кілепадобных ліштвах і брусамі-сцяжкамі ў прасценках. Пры будаўніцтве храма былі зроблены значныя адхіленні ад праекта — замест 2 купалоў пастаўлены адзін на франтальным фасаде, пастаўлены порцік, зменены запраектаваныя памеры.
Унутры памяшканне расчлянёна 4 калонамі на 3 нефы і мае характар базілікі. Апсіда вылучана драўляным іканастасам (19-20 ст.). Над уваходам — кансольныя хоры. Абразы: 17ст. - «Троіца», 18ст. - «Троіца новазапаветная», «Маці Божая Замілаванне», «Маці Божая Адзігітрыя», «Маці Божая Адзігітрыя Чанстахоўская», «Спас Пантакратар », «Святы Ілія», «Маці Божая Балезная», «Пакланенне вешчуноў», «Спас з прадстаячымі», «Прарокі», «Святы Сцяфан» (1796) , «Свяціцель» (падпісаны «Маловал Е. Есафат Кохановіч дня 22 мая 1791 г.»), канца 19 ст. - «Аляксандр Неўскі», драўляныя скульптуры святых.
' НГАБ у г.Гродна, ф.8, воп. 2, спр. 740, арк. 27 ; воп. 1, спр.1409, арк. 97-98.
Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007.
- Адрас
- 225850 Брэсцкая вобласць, Драгічынскі раён, г.п.Антопаль, вул.Савецкая, 104
- Епархія
- Брэсцкая
- Благачынне
- Драгічынскае
- Архітэктар
- невядомы
- Від будаўніцтва
- першапачаткова праваслаўны будынак (пабудова)
- Тыпалогія храма
- прыходская царква (пасялковая)
- Стан храма
- дзейнічае
- Будаўнічы матэрыял сцен
- драўляны
- Год сканчэння будаўніцтва
- 1854
- Стагоддзе сканчэння будаўніцтва
- 19
2015
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта, калі ласка, спасылайцеся на drevlehranitel.by і аўтараў. Лепшы хосцінг hoster.by